Калі суміраваць кіламетраж, які пераадольваюць аўтобусы і грузавікі філіяла ААТ «Брэстаблаўтатранс» «Аўтамабільны парк №11 г. Пружаны» на працягу года, то атрымаецца працягласць больш за тры даўжыні экватара нашай планеты.

А калі падлічыць агульны вынік за 65 гадоў дзейнасці? І справа не толькі ў тым, што прадпрыемства валодае даволі буйным транспартным паркам, які налічвае каля 90 адзінак тэхнікі. Як расказвае дырэктар Анатоль Вакульчык, нагрузка на кожны аўтамабіль ці аўтобус значная.
— Асноўныя задачы нашай арганізацыі заключаюцца ў забеспячэнні пасажырскіх перавозак жыхароў і гасцей раёна, а таксама выкананне грузаперавозак унутрырэспубліканскага і міжнароднага значэнняў. Калі гаварыць падрабязней пра першы накірунак, то для яго мы маем 29 аўтобусаў, якімі толькі з пачатку гэтага года перавезлі больш за мільён пасажыраў. У плане перавозкі грузаў сёлета выканана 12 мільёнаў тона-кіламетраў.

— Матэрыяльная база аўтапарка ўражвае. Ці хопіць вам таго, што ёсць, каб так жа паспяхова дзейнічаць у будучыні?
— Той тэхнічны патэнцыял, што ў наяўнасці, поўнасцю задавальняе ў сучасных рэаліях. Хаця мы разлічваем і рыхтуемся да розных сітуацый, у тым ліку і пры павелічэнні аб’ёмаў перавозак, з-за чаго мэтанакіравана і літаральна штогод умацоўваем матэрыяльную складаемую аўтапарка.
У прыватнасці, нядаўна набылі новае шынамантажнае, зварачнае і такарнае абсталяванне для сваёй майстэрні. Папоўнілі транспартную базу новым аўтобусам МАЗ-206, трыма 20-тоннымі самазваламі МАЗ з прычэпамі да іх. У бліжэйшых планах — набыць яшчэ адзін пасажырскі аўтобус, пра што пружанцы абавязкова даведаюцца першымі.

— Анатоль Пятровіч, безумоўна, гэта сведчыць аб запатрабаванасці вашай арганізацыі. Аднак заслуга ў тым, напэўна, менавіта калектыву аўтапарка?
— Сапраўды так, усе задачы, якія перад намі стаяць, выконваюцца, дзякуючы зладжанай рабоце ўсяго калектыву прадпрыемства. Толькі самаадданыя людзі працуюць у нашай арганізацыі. Мяркуйце самі: наш працоўны дзень рэгулярна пачынаецца тады, калі многія яшчэ спяць, і заканчваецца, калі іншыя даўно адпачываюць. Таму выпадковых работнікаў у нас няма. Наадварот, складаюцца сямейныя тандэмы і дынастыі. Напрыклад, Аляксандр Бельскі — галоўны інжынер, а яго жонка Галіна — дыспетчар. Разам працуюць Сяргей і Наталля Калюты: вадзіцель і таксама дыспетчар, Міхаіл і Ала Дудко: вадзіцель і кантралёр. Ёсць у нас і браты-вадзіцелі — Юрый і Аляксандр Чыжэўскія, а іх жонкі, абедзве Ірыны — касіры. Другая пара братоў-вадзіцеляў — Аляксандр і Яўген Ахрэмы. Працуюць і сёстры — касір Лідзія Ліцкевіч і кандуктар Марыя Яльцова. Прыклад вадзіцеля Сяргея Чарняка падштурхнуў яго сына прыйсці на працу ў аўтапарк: Максім стаў начальнікам аддзела перавозак. Такі ж выбар зрабіў і сын вадзіцеля Ігара Чарнышова: Сяргей працуе інжынерам-дыягностам. А яшчэ варта адзначыць, што многія нашы работнікі маюць стаж працы ў аўтапарку 40 гадоў і больш.

Доказам прафесіяналізму можна лічыць і штогадовыя ўзнагароды рознага значэння нашых спецыялістаў. Сёлета нагрудным знакам «Ганаровы транспартнік» Міністэрства транспарту і камунікацый адзначаны Мікалай Міхайлюковіч, абласнымі, раённымі і галіновымі граматамі ўзнагароджаны Сяргей Калюта, Ігар Чарнышоў, Мікалай Літвіновіч, Мікалай Прытульчык, Сяргей і Максім Чарнякі.

Для падтрымання кваліфікацыі праводзім і ўнутраныя конкурсы майстэрства. У бягучым годзе лепшымі работнікамі ў доглядзе свайго працоўнага месца прызнаны вадзіцелі Юрый Чыжэўскі, Аляксей Салтруковіч і токар Аляксандр Аноцка.
Напярэдадні нашага прафесійнага свята выказваю падзяку нашым ветэранам за той уклад, што яны пакінулі ў гісторыі прадпрыемства. А работнікам зычу здароўя і лёгкіх рэйсаў. Безумоўна, дзякую і дарожным арганізацыям за выдатныя дарогі, якімі мы можам карыстацца на карысць усяму нашаму грамадству.
Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота аўтара