Як ужо пісала наша газета, на мінулым тыдні адбыўся прэс-тур прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі вобласці і рэспублікі ў Івацэвіцкі раён. У мемарыяльным комплексе партызанскай славы Хаваншчына, журналісты не толькі азнаёміліся са слаўным мінулым партызанскага краю, але і сустрэліся са старшынёй Брэсцкага аблвыканкама Ю.В.Шулейкам. І, забягаючы наперад, адзначу, што пераканаліся ў сапраўды «некабінетным» стылі работы губернатара.

Партызанскімі сцежкамі
А напачатку экскурсію па комплексе правяла дырэктар Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея Раіса Горбач. Дзякуючы яе майстэрству захапіць, на момант партызанамі сталі ўсе мы: і партызанскімі сцежкамі прайшлі, і ў зямлянках пабывалі, і ў штаб падпольнага абкама партыі заглянулі. А яшчэ наведалі летнюю школу, дзе ў свой час, нягледзячы на ваеннае ліхалецце, вучыліся дзеткі, санчасць, дзе лячылі параненых, рэдакцыю абласной газеты “Заря”, якая тут выдавалася падпольна… А затым, размясціўшыся вакол вогнішча, пачалі размову з кіраўніком вобласці, і, як аказалася, не толькі на ваенна-патрыятычныя тэмы.

Працаваць і развівацца
Пра тое, як жывем і да чаго імкнемся ў бліжэйшай перспектыве, было першае пытанне Юрыю Вітольдавічу. Гаворачы пра эканамічнае развіццё, старшыня аблвыканкама адзначыў высокую эканамічную планку, якую ўзяла наша вобласць у параўнанні з іншымі рэгіёнамі краіны. І гэта датычыць не толькі сельскай гаспадаркі, дзе мы бясспрэчныя лідары. Пэўныя поспехі губернатар адзначыў і ў прамысловасці. Эканамічнае развіццё вобласці высока ацэньваецца. Пацвярджэннем гэтаму – занясенне Брэстчыны на рэспубліканскую дошку гонару. Па асноўных сацыяльна-эканамічных паказчыках за апошнія пяць гадоў вобласць прыбавіла больш за іншыя.
Але на гэтым, як адзначыў губернатар, спыняцца не варта. Напрыклад, ужо сёлета відавочны рост экспарту прадукцыі, а значыць, ёсць далейшая перспектыва эканамічнага развіцця. І найперш, у сельгасвытворчасці. У вобласці ўзводзяцца малочнатаварныя фермы, павялічваецца дойны статак, вядзецца работа над яго прадукцыйнасцю. На думку Ю.В.Шулейкі, Брэстчына выгадна адрозніваецца і жыхарамі – працалюбівымі людзьмі і стараннымі гаспадарамі. І ці не гэта адзін з асноўных крытэрыяў поспеху?
Без панікі
Кажучы пра захворванне на COVID-19, так пракаментаваў сітуацыю губернатар. Па яго словах, захворванне каранавіруснай інфекцыяй у рэгіёне складае 30 працэнтаў ад пікавых паказчыкаў. “Мы дакладна разумеем, як з першых дзён падыходзіць да хваробы. Прынятыя меры дазваляюць сустрэць магчымы прагназуемы рост з пэўным запасам магутнасці”. Дзеля гэтага функцыянуюць міжрэгіянальныя цэнтры для лячэння пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй. Акрамя Брэста, гэта Пінск, Баранавічы, Кобрын, дзе праводзіцца дыягностыка на больш высокім узроўні. На дадзены момант у вобласці каля тысячы чалавек знаходзяцца на стацыянарным лячэнні і прыблізна столькі ж лечацца амбулаторна.
Таксама старшыня аблвыканкама падрабязна спыніўся на неабходнасці вакцынацыі супраць COVID-19, расказаў пра актыўнае правядзенне прышчэпачнай кампаніі. І прызнаўся, што вакцыянаваўся сам.
—Ніякіх пабочных з’яў я не адчуваў ні пасля першага, ні пасля другога кампанента вакцыны, — сказаў Юрый Вітольдавіч.
З чаго пачынаецца Радзіма?
Юрый Вітольдавіч шмат гаварыў пра людзей, адносіны да працы і жыцця. Нарэшце, пра тое, што маем. Але ці цэнім? Вядома ж, сама сабой узнялася тэма моладзі, яе выхавання і занятасці. Не сакрэт, што маладыя людзі масава з’язджаюць з сельскай мясцовасці ў горад, нягле-дзячы на прыняцце дзяржавай шэрагу праграм для іх замацавання на вёсцы. Яскравы прыклад – аграгарадкі з камфортнымі ўмовамі пражывання, з магчымасцю ўладкавання на працу і годнымі заработнымі платамі. Але…
—А чаму б не вярнуцца да такой праверанай часам формы работы з моладдзю, як выдача сельгаспрадпрыемствамі маладым людзям мэтавых накіраванняў на вучобу і выплата ім адпаведнай стыпендыі з далейшым гарантаваным працаўладкаваннем? – спытаў губернатар.
Вядома, кожны малады чалавек павінен самастойна вызначыцца са сваёй будучыняй. Але ці дрэнна, калі ў такім выбары дапамогуць дарослыя? І не толькі ў такім… Бо, каб застацца ў сельскай мясцовасці, недастаткова “пернікаў” у выглядзе зарплат і жылля. Тут павінны быць яшчэ і пачуцці да сваёй малой радзімы, нарэшце – патрыятызм.
Не дзіўна, што патрыятычнаму выхаванню моладзі было нададзена шмат увагі пры сустрэчы. З гэтай нагоды губернатар назваў доўгачанымі змяненні ў Закон “Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь” і шчыра прызнаўся, што перажываў непрыемныя пачуцці, калі дзяржаўны сцяг падымалі толькі па святах. Хаця ў той жа час у бліжэйшых замежных суседзяў назіралася адваротная сітуацыя: дзяржаўныя сцягі можна было назіраць кожны дзень, у тым ліку, на прыватных дамах. З прыняццем змяненняў у Закон “Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь”, чакаецца, што сітуацыя зменіцца і ў нас. А веданне гісторыі і павага да нашай мінуўшчыны яшчэ больш умацуюць патрыятычныя пачуцці.
Дарэчы, 30 мая ва ўрочышчы Хаваншчына да 50-годдзя ўтварэння мемарыяльнага комплексу партызанскай славы адбудзецца гістарычная рэканструкцыя. Спяшайцеся ў гэтым пераканацца!

Смялей!
Не прамінуў увагай старшыня аблвыканкама і працу журналістаў.
—Не толькі дэталёва і грунтоўна трэба падыходзіць да асвятлення ў сродках масавай інфармацыі розных праяў нашага жыцця, але і дзёрзка, — сказаў ён. – Журналісту трэба не баяцца паказаць свой характар. Смеласць у выказваннях паспрыяе папулярызацыі газет. І больш давайце крытычных публікацый, каб своечасова выпраўляць жыццёвыя хібы. Тады і надалей у краіне ўсё будзе добра, а ў Брэсцкай вобласці – яшчэ лепш! Наогул, трэба не баяцца жыць!
Галіна Каляда. Фота Святланы Кіслай.