
Прафарыентацыйнае мерапрыемства пад назвай «Інжынер — прафесія будучага» прайшло
на мінулым тыдні ў
СШ №1 імя ЧБВА.
Думаеце, толькі наш раён адчувае недахоп спецыялістаў інжынерных прафесій? Не, такі дэфіцыт у большасці невялікіх раёнаў краіны. Здаецца, кожны год ВНУ выпускаюць будучых спецыялістаў. Чаму будучых? Справа ў тым, што пакуль выпускнік стане сапраўдным прафесіяналам, які працуе на вынік, пройдзе не адзін год. Тэорыя, атрыманая ў навучальнай установе — адно, вопыт — зусім іншае. Яшчэ трэба, каб будучая прафесія была даспадобы не толькі бацькам, але і самім дзецям. Таму і праводзяцца прафарыентацыйныя заняткі, каб нацэліць будучых будаўнікоў Беларусі на выбар прафесіі.
Успамінаюцца часы СССР, калі інжынерам вельмі мала плацілі, прэстыж гэтай прафесіі быў даволі нізкі. Зараз, калі ты сапраўдны прафесіянал сваёй справы, то і зарплату будзеш атрымліваць годную. Але, паўтаруся, яе трэба зарабіць.

Перад пачаткам рэкламавання сваіх арганізацый, прыцягнення ўвагі вучняў да прэстыжнасці работы ў той альбо іншай арганізацыі, дырэктар СШ №1 Святлана Станкевіч расказала гасцям аб дзейнасці пры школе інжынерна-тэхнічнага цэнтра, дасягненнях яго выхаванцаў. Мы змаглі азнаёміцца з канструктарскімі напрацоўкамі дзяцей, падзівіцца на створаныя іх рукамі робаты, як яны выконваюць каманды. Гэта толькі першыя пробныя гульнявыя канструкцыі. Але з малога нараджаецца вялікае. Хочацца верыць, што гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі — будучыя наватары, вынаходнікі, рацыяналізатары. Не хапае іх нам.
У актавай зале школы сабраліся вучні і іх настаўнікі з іншых навучальных устаноў. Да прысутных звярнуўся начальнік аддзела па адукацыі Аляксандр Момлік, які выказаў упэўненасць, што гэта мерапрыемства стане штуршком да выбару будучай спецыяльнасці. Аляксандр Канстанцінавіч пажадаў уважліва аднесціся да расказаў прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёна.
Пра важнасць работы на сваіх прадпрыемствах расказалі: намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КУВП «Камунальнік» Аляксандр Кандрацюк, намеснік дырэктара, галоўны інжынер ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў» Дзмітрый Лук’яновіч, вядучы інжынер Пружанскага раёна газазабеспячэння філіяла вытворчага ўпраўлення
УП «Брэстаблгаз» Аляксей Кудрашоў, намеснік галоўнага інжынера па рабоце з персаналам філіяла Пружанскія электрычныя сеткі РУП «Брэст-энерга» Аляксандр Макарэвіч, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Пружанскі малочны камбінат» Дзмітрый Сачэўка. Навучэнцам паказалі невялікія ролікі, дзе кожнае прадпрыемства было прадстаўлена ў самым выгадным святле, толькі вучыся добра і прыходзь да іх на работу. Многія са школьнікаў не аднойчы бывалі з экскурсіямі на вышэйпералічаных прадпрыемствах.
Віктар Ільюшчанка.
Фота Кацярыны Масік