Некалькі марозных дзён напачатку снежня паспрыялі стварэнню на вадаёмах раёна тонкага лёду, што прыцягвае ўвагу як аматараў падлёднага лову, так і дзятвы.
Між тым, гэта лічыцца самым небяспечным перыядам, таму што лёд яшчэ не набраў той таўшчыні, што дазволіць вытрымаць вагу нават дзіцяці. А тэмпературныя ваганні спрыяюць таму, што ён увогуле становіцца нетрывалым. Хаця візуальна ствараецца ўражанне моцнага покрыва, па якім можна здзяйсняць прагулкі.
Трэба нагадаць, што летась было прынята рашэнне райвыканкама аб забароне выхаду на лёд у час яго станаўлення або ў адлігу. Прадстаўнікі адказных службаў, у тым ліку і раённага таварыства выратавання на водах, маюць права патрабаваць пакінуць небяспечную зону. Нагадаем, што ігнараванне патрабавання службовых асоб прыраўноўваецца да адміністрацыйнага правапарушэння з адпаведнай адказнасцю.
Таксама варта і бацькам кантраляваць забавы іх дзяцей, асабліва ў перыяд надыходзячых зімовых канікулаў. А рыбакам у любым выпадку пры выхадзе нават на трывалы лёд (не менш за 7 см таўшчынёй) мець пры сабе сродкі першаснага ратавання.
Юрый Амельянчук, старшыня ТВВАД