Для кожнага чалавека сям’я іграе выключную ролю. Гэта той самы трывалы падмурак, на якім выбудоўваецца яго лінія жыцця. Ад таго, у якім асяроддзі расце і развіваецца маленькі чалавечак, залежыць яго будучыня. Становячыся дарослымі, мы пускаем свае карані, ствараем свой уласны тыл, каб працягнуць род і трывала стаяць на зямлі. У любым узросце нам патрэбна падтрымка і апора, і вельмі важна, калі родныя людзі заўсёды побач.
Побач з Сафіяй Міхайлаўнай Прэдка з г.п. Ружаны, на шчасце, таксама блізкія людзі. Шэсць гадоў таму пляменніца, Таццяна Аркадзьеўна, узяла родную цётку пад сваю апеку і з таго часу ў сям’і Новікаў на аднаго роднага чалавека стала больш.
Каб пазнаёміцца з гэтымі дзіўнымі людзьмі, мы накіраваліся ў аг. Харава, што ў 15 км ад Пружан. Каля дома нас гасцінна сустрэла гаспадыня, правяла па ўчастку, які патанае ў кветках, пахвалілася ўраджаем садавіны і агародніны. Размова завязалася спачатку на вуліцы, і адразу стала зразумела — перад намі чалавек з адкрытай душой і добрым сэрцам. Яна не магла застацца ўбаку ад «чужой» бяды і рашэнне ўзяць Сафію Міхайлаўну ў сям’ю было аднагалосным.
— Мая цётка — інвалід дзяцінства. Сваёй сям’і ў яе ніколі не было, усё жыццё яна пражыла з бацькамі, а калі іх не стала, апеку над адзінокім чалавекам узяла сацыяльная служба. З гадамі праблемы з нагамі толькі ўзмацняліся, і самастойна даглядаць сябе яна ўжо не магла. Хтосьці побач павінен быць кожны дзень, — распавядае Таццяна, — мы яе часта наведвалі, але гэта не вырашала праблему, і яна ўжо сабралася ў дом састарэлых. Спачатку мы ўзялі яе на зіму, без усякіх афармленняў папер, а потым так да яе прывыклі, што аддаць чужым людзям проста не змаглі.
Далей сюжэт развіваўся як у цудоўным фільме, дзе дабро заўсёды перамагае. Сям’і Новікаў падказалі, што ёсць новая форма аказання сацыяльных паслуг — «замяшчаючая сям‘я» для адзінокіх пажылых людзей. На падставе заявы аднаго з яе членаў, якія жадаюць прыняць пажылога чалавека або інваліда для паўнацэннага догляду да сябе дадому, дзяржава дае такую магчымасць. Спачатку вывучаюцца сацыяльна-бытавыя ўмовы сям’і, магчымасць камфортнага пражывання пажылога чалавека. Затым пры наяўнасці неабходных дакументаў Пружанскім райвыканкамам прымаецца рашэнне. Калі чалавек — інвалід І групы і самастойна не ходзіць, тады памочніку выплачваецца штомесячная ўзнагарода ў выглядзе бюджэту пражытачнага мінімуму. Вядома ж, такіх сем’яў не шмат, на дадзены момант усяго тры, з іх дзве ажыццяўляюць догляд інваліда, у тым ліку Новікі.
— Безумоўна, гэта вялікая адказнасць і далёка не кожны рашыцца на такі крок, паколькі ты ўвесь час прывязаны да дома, пасля працы бяжыш назад з думкай: а раптам нешта тэрмінова спатрэбілася або чалавек сумуе? І адразу ўсе астатнія справы сыходзяць на другі план. Але разуменне ўласнай значнасці ў жыцці іншага чалавека бярэ верх над любымі абставінамі. Гэта не ахвяра, як думаюць іншыя, гэта ўжо патрэба дапамагаць, а без яе сумна і пуста. Дзеці даўно выраслі, пакінулі бацькоўскую хату, а сілы яшчэ ёсць. Наша бабуля — проста дзіўны чалавек, зарад бадзёрасці і добрага настрою на ўвесь дзень, — гаворыць Таццяна, — яна заўсёды ў цэнтры ўвагі, і вакол яе ўсё верціцца.
Сафія Міхайлаўна ў свае 77 кожны новы дзень пачынае з усмешкі. Бабуля ў курсе ўсіх навін і падзей, сямейныя пытанні вырашаюцца таксама сумесна. Як і ўсе людзі шаноўнага ўзросту, любіць павучаць і даваць парады, тым самым падкрэслівае сваю значнасць у прыняцці агульных рашэнняў. Лёс яе ніколі не песціў, але пры гэтым яна застаецца чыстым і светлым чалавекам, добрым прыкладам стойкасці і вытрымкі перад усімі нягодамі. На самай сраве ёй трэба зусім мала: цеплыня, утульнасць, увага і клопат. Таццяна Аркадзьеўна песціць цётку хатняй выпечкай і рознымі смачнасцямі, а ў адказ заўсёды атрымлівае словы падзякі і пахвалы.
Гэта гісторыя пра капрызы лёсу са шчаслівым канцом. На долю кожнага чалавека выпадаюць свае цяжкасці, і калі мы ўстойліва пераадольваем іх, то яны проста знікаюць і надыходзіць светлая паласа. Так здарылася і ў жыцці Сафіі Міхайлаўны. Яна заўсёды глядзела з удзячнасцю ў мінулае, з надзеяй у будучыню і з верай жыве кожны дзень. Як сапраўдная жанчына, яна хвалявалася перад нашай сустрэчай і папрасіла пляменніцу прывесці яе ў поўны парадак, каб на фота выглядаць бездакорна.
Мы вельмі рады, што Сафія Міхайлаўна на схіле гадоў набыла сям’ю, а разам з ёй мір і спакой. Нізкі паклон усёй сям’і Новікаў, дабрабыту і працвітання. І, як кажуць беларусы: «Няхай усім шчасіць!»
Ірына Велясевіч.
Фота аўтара