Четверг, 10 октября 2024

Не выпрабоўвайце ўдачу на тонкім лёдзе! Журналіст дзеліцца ўражаннямі ад рэйду з супрацоўнікамі РАНС і таварыства выратавання на водах

499

Некалькі марозных дзён у снежні толькі-толькі «абазначылі зіму», стварыўшы на вадаёмах раёна слабое лядовае покрыва. Аднак яно адразу прыцягнула аматараў падлёднай рыбалкі, хаця, як сведчыць сумная статыстыка, менавіта на такім лёдзе і здараюцца трагедыі. Толькі ў бягучым месяцы ў СМІ былі паведамленні пра факты выратавання рыбакоў, якія праваліліся ў халодную ваду. Не ва ўсіх выпадках пацярпелых удалося ўратаваць…


Як расказвае старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Ю.М.Амельянчук, зараз назіраюцца своеасаблівыя тэмпературныя «арэлі», калі дзённы «плюс» змяняецца начным пахаладаннем. Лёд застаецца на азёрах, але ён нетрывалы і нагадвае крохкі бетон, які можна разбурыць і рукамі. Нават пры таўшчыні покрыва 6 і больш сантыметраў выходзіць на лёд небяспечна.


Асабліва «гарачым» гэты перыяд называюць і работнікі МНС: зараз падраздзяленні райаддзела па надзвычайных сітуацыях праводзяць рэгулярныя прафілактычныя мерапрыемствы на вадаёмах, падчас якіх пераконваюць рыбакоў перабрацца на бераг. На жаль, да слушных парад прыслухоўваюцца толькі адзінкі. У чым мы пераканаліся, калі разам з Ю.М.Амельянчуком і работнікам РАНС Л.Л.Бурнос праехаліся па гарадскіх вадаёмах.


На двары было +3 градусы, ля берага лёд ужо не трымаецца, ды і па цэнтры там-сям бачны плямы вады. Няўжо нехта лічыць сябе «бессмяротным» і паспрабуе выйсці на такі лёд? На гарадскім возеры мы заўважылі чатырох смелых, да дваіх нават не рызыкнулі дабрацца. Сустракалі аматараў парыбачыць на крохкім лёдзе і на вадаёме па вул.Вінаградава, і на іншых «копанках».


Вельмі здзівілі тыя, з кім удалося паразмаўляць. Ні ў аднаго з іх пры сабе не было выратавальнай камізэлькі, адсутнічалі іншыя сродкі выратавання. Пры гэтым усе ведалі, для чаго патрэбны, напрыклад, вяроўка або дзве адвёрткі, вось толькі іх адсутнасць тлумачылі па-рознаму.


Бацька малалетніх дзяцей прыехаў на возера па вул. Пушкіна ажно з Купліна. На веласіпедзе заехаў амаль на цэнтр вадаёма, але сродкі выратавання… забыў дома. Другі рыбак увогуле заявіў: «А хто мне дасць грошы на тое, каб набыць усё неабходнае?». Хацелася ў адказ спытаць адносна грошай на лячэнне або ўтрыманне сям’і з-за страты карміцеля.


Акрамя таго, падобныя паводзіны з боку дарослых правакуюць дзяцей, якія таксама смела выходзяць на першы лёд.
— Хутка пачнуцца зімовыя канікулы, калі ў дзятвы з’явіцца шмат вольнага часу, без кантролю з боку бацькоў,— гаворыць Юрый Міхайлавіч. — Гэта таксама нас трывожыць, мы звяртаемся да настаўнікаў і выхавацеляў з просьбай напярэдадні адпачынку абавязкова правесці прафілактычныя гутаркі з дзецьмі, а праз іх і з бацькамі. Толькі ж не спадзяёмся на разуменне малых, калі дарослыя дазваляюць сабе так рызыкаваць.


Усім «бессмяротным» удзельнікі рэйда ўручалі памяткі, у якіх дакладна тлумачылася сутнасць небяспекі, распісваўся алгарытм выратавання ў крытычнай сітуацыі, прыведзены тэлефоны экстраннай дапамогі. Таксама праводзіліся прафілактычныя гутаркі з рэкамендацыяй адмовіцца ад такога захаплення хаця б да ўстанаўлення трывалага лядовага покрыва.
Алег Сідарэнка. Фота аўтара.