У кожнай сям’і каштоўнасці свае. Але, на жаль, не ўсюды ведаюць пра належнае выхаванне дзяцей, агульныя мэты і ўважлівыя адносіны да сваёй палавінкі. Усё гэта часта прыводзіць да недабрабыту і сямейнага насілля.
— Для таго, каб трапіць у спіс нядобранадзейных сем’яў, не абавязкова злоўжываць алкаголем, — расказвае начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Віктар Клімашэвіч. — На Пружаншчыне лічба сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, апошнія месяцы вагаецца і складае каля паўсотні. Большасць — гэта сельскія жыхары. Прычым не абавязкова выпівохі. Прычынай пастаноўкі на ўлік могуць стаць і сямейна-бытавыя скандалы. А часта і ўсё ў сукупнасці.
Імёны герояў, гісторыі якіх мы раскажам, зменены па этычных прычынах.
У Таццяны, напрыклад, бяда не толькі з-за любові да спіртнога. З бацькам сваіх дзяцей яна не жыве. Але неаднаразова кантралюючымі органамі выяўляліся факты сямейнага насілля: Таццяну моцна б’е сужыцель. У выніку дзяцей забралі ў СПЦ у Сонечным. Чаму не аддалі роднаму бацьку? Ён недзеяздольны. Падчас рэйда, які праходзіў незадоўга да прыняцця рашэння па вяртанні дзяцей у сям’ю, жанчына запэўнівала, маўляў, пераацаніла жыццёвыя каштоўнасці, таму з сужыцелем, які з дня на дзень з’язджае ад яе, расстаецца. Галоўнае — што дзеці ёй даражэйшыя за каханага. Хочацца верыць. Да слова, дзеткі ў Таццяны даволі кемлівыя і здольныя.
Гледзячы на Вольгу, і не скажаш, што яна аматар шумных кампаній, якія бавяць час за бутэлькай спіртнога. А пераступіўшы ганак яе хаты, пачынаеш разумець, што яна і няўдалая гаспадыня: парадку няма ні на кухні, ні ў жылых пакоях.
У камісіі па справах непаўналетніх удакладняюць, што ў СНС гэтая сям’я знаходзіцца ўжо не першы год. Больш за тое, сына ўжо тройчы забіралі з сям’і. Да слова, у жанчыны яшчэ ёсць дачка, але яна жыве з бацькам.
Напэўна, па прынцыпе «Б’е — значыць любіць» жыве Наталля. У іх сям’і даходзіла нават да панажоўшчыны. Хаця праблема не толькі ў гэтым: жанчына не ўмее кантраляваць сябе ў прыхільнасці да спіртнога. Гэта дабаўляе дадатковых праблем: прагулы на рабоце, антысанітарыя на падворку і ў хаце, пусты халадзільнік. Як вынік, дзеці пакінуты самі сабе. Балазе, непадалёку жыве іх бабуля.
А вось у адным з населеных пунктаў Ліноўскага сельсавета цэлую вуліцу называюць расаднікам недабрабыту: амаль у кожным катэджным доміку знойдзецца сям’я, якая стаяла ці стаіць на ўліку, як СНС. Ёсць нават і такія, хто пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Вярнуцца да нармальнага жыцця назаўсёды не пускае ўсё той жа «зялёны змій».
Яшчэ ў адной, але ўжо гарадской сям’і, праблемы змяняюць адна другую: то антысанітарыя ў хаце, то адсутнасць прадуктаў, то агрэсія з боку галавы сям’і. Дарэчы, пратакол на мужчыну складаўся нават за агрэсію ў дачыненні да непаўналетняга сына. І падобных сітуацый хапае.
Напрыклад, у гасцях у адной з сем’яў давялося пабываць яшчэ тады, калі яна жыла ў сельскай мясцовасці. Каля паўгода таму шматдзетная сям’я пераехала ў горад — атрымала кватэру ў новай шматпавярхоўцы. Мяркуючы па ўбачаным, нічога асабліва не памянялася: менш як за паўгода новенькія квадратныя метры абраслі кучкамі бруднага адзення, слоікамі з зацвіўшай кансервацыяй і тазікамі нямытага посуду.
… Над чым канкрэтна працаваць, паказваюць рэгулярныя рэйды, якія праводзяцца службамі, што займаюцца праблемамі дамашняга насілля і сямейнага недабрабыту. Але давайце будзем шчырымі: рашэнне такіх праблем залежыць, у першую чаргу, ад тых, хто сышоў з правільнага шляху. У выпадках з сямейна-бытавымі скандаламі самае складанае — дастукацца да ахвяраў і растлумачыць ім, што не трэба баяцца і маўчаць.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Кацярына Масік (фота)