У насычанай на падзеі афішы мінулай суботы знайшлося месца і восеньскаму інтэлектуальнаму турніру «Дзе логіка?». Паварушыць мазгамі, а заадно праверыць сваю інтуіцыю і логіку, моладзь раёна запрасіў Палац культуры.

Кіраўнік маладзёжнага клуба «Teens-фармат» Анастасія Ціхановіч расказала, што на распрацоўку гульні натхніла аднайменная праграма на расійскім тэлеканале «ТнТ». Запрашэнні на ўдзел у турніры атрымалі ўсе школы раёна. У выніку паўдзельнічала ў ім шэсць каманд: свае зборныя выставілі СШ № 1 імя ЧБВА, а таксама чацвёртая, пятая школы і гімназія. Завітала на турнір каманда з Параслянскай СШ. Яшчэ ў адной зборнай згулялі дзяўчаты з клуба «Teens-фармат».
Для школьнікаў падрыхтавалі сем раундаў. Падчас іх трэба было знайсці агульнае на карцінках, назваць тое, што аб’ядноўвае фотаздымкі, убраць лішняе і, наадварот, назваць тое, чаго не хапае. Таксама былі ў праграме турніру кінарэбусы, прыказкі і прымаўкі, зашыфраваныя на фота. Трэба сказаць, што пытанні былі прасякнуты ў тым ліку тэматыкай нашага раёна. Напрыклад, адно з пытанняў тура «Прыбяры лішняе» ўключала гербы Пружан розных гістарычных эпох.
Ужо пасля другога раунда каманда «Teens-фармат» выйшла ў лідары. У выніку дзяўчаты сталі абсалютнымі пераможцамі з 38 баламі. Каманда «Бліцкрыг» з СШ № 5 набрала 27, а вучні гімназіі ў складзе зборнай «Вітамікс» зусім крыху саступілі ім — 26 балаў.

Пакуль журы падводзіла вынікі, удзельнікаў і балельшчыкаў радавалі салісткі Палаца культуры Кацярына Падлужная і Ангеліна Гарбаценка.
Па словах Анастасіі Ціхановіч, ёсць верагоднасць, што такі турнір стане пастаянным і будзе праводзіцца пасезонна.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара і Юліі Янушка
Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_288809065
