У кастрычніку ў раёне адбылася доўгачаканая падзея: пасля капітальнага рамонту адчыніла дзверы стаматалагічная паліклініка. Як працуецца ў адрамантаваных памяшканнях і на новым абсталяванні, а таксама якія яшчэ навінкі чакаюць супрацоўнікаў і пацыентаў, мы раскажам у нашым невялікім фотарэпартажы.
— Цёпла, светла, утульна, — праводзіць экскурсію па кабінетах загадчык установы П.П. Крачко. — Да добрага прывыкаецца хутка, здаецца, і не працавалі ў іншых умовах! Да поўнага шчасця пакуль не хапае другой чаргі фінансавання, падчас якой мы плануем удасканаліць рэнтгенаўскі і зубапратэзны кабінеты. На жаль, пакуль нашым пацыентам даводзіцца рабіць рэнтгенаўскія здымкі ў кабінеце райбальніцы. Што тычыцца зубных пратэзаў, то мяркуем, што сёлета пачнём самастойна вырабляць некаторыя дэталі, якія пакуль даводзіцца адпраўляць у Брэст ці Слонім. Гэта дазволіць выконваць работу хутчэй, а нашым пацыентам менш чакаць прыгожай усмешкі.
Згодна з Паўлам Пятровічам і загадчыца зубапратэзнай лабараторыі В.М. Мяшэчка:
— Нашы кабінеты значна змяніліся, працаваць у іх стала намнога камфортней. Супрацоўнікі менш стамляюцца, а гэта толькі станоўча ўплывае на якасць і хуткасць работы. Многія пружанцы ўжо ўпэўніліся ў гэтым.
Сёлета калектыў паліклінікі папоўніўся дзвюма маладымі спецыялісткамі (хаця тут застаўся шэраг вакансій). Ураджэнка Жабінкі, урач-стаматолаг-тэрапеўт Яна Пракапчук паспела папрацаваць у Пружанах яшчэ падчас праходжання інтэрнатуры ў 2019 годзе (нагадаем, што ў той момант стаматалогія знаходзілася ў старым будынку былога неўралагічнага аддзялення).
— Я вельмі рада, што рамонт амаль закончыўся да майго прыходу на работу. У такіх умовах прыемна працаваць: можна засяродзіцца выключна на рабоце, а не думаць, што ў памяшканні душна ці холадна, не хапае святла, а пацыенту нязручна сядзець.
А вось брэстаўчанка, урач-стаматолаг-артапед Дар’я Плясун прызнаецца, што, трапіўшы на першае працоўнае месца, нават спалохалася. Але калі ў кастрычніку стаматолагі ўладкаваліся ў адноўленым памяшканні, то ўбачанае перасягнула ўсе чаканні.
— Гэта сапраўды шчасце — працаваць на сучасным абсталяванні, карыстацца сучаснымі матэрыяламі. Атрымліваю ад работы вялікае задавальненне, спадзяюся, што яе вынікамі задаволены і людзі, якія давяраюць мне сваё здароўе.
Думку маладога спецыяліста адразу ж пацвердзіў пацыент, які ўзняў уверх вялікі палец.
Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча і аўтара.