Воскресенье, 25 февраля 2024

Не толькі газеты, лісты і тэлеграмы. Пра работу паштальёнаў і навацыі расказала начальнік Пружанскага УПС Таццяна Ільяшэвіч

596

Сёння адзначаецца Сусветны дзень пошты. Гэта свята адзначаецца ў многіх краінах свету і мае поўнае права называцца міжнародным, бо паштовая сувязь, нягледзячы на межы, аб’ядноўвае краіны і народы ў адзінае грамадства. Навіны, віншаванні, дзелавая перапіска і многае іншае праходзіць праз рукі паштальёнаў. І не мае значэння, на якой мове гавораць адпраўшчыкі карэспандэнцыі ці яе атрымальнікі.

Паштальён Тамара Суляк і начальнік АПС-1 Аксана Велікаселец.

Пэўны ўклад у падтрыманне гэтай сувязі ўносяць пружанскія паштовыя работнікі.

Як расказвае начальнік мясцовага ўчастка паштовай сувязі Таццяна Ільяшэвіч, на Пружаншчыне функцыянуе 33 аддзяленні паштовай сувязі. З улікам адміністрацыйных асаблівасцей нашага рэгіёна пераважная большасць структурных падраздзяленняў дзейнічае ў сельскай мясцовасці, іх дапаўняюць перасоўныя аддзяленні паштовай сувязі. А цалкам калектыў раённай арганізацыі налічвае 103 супрацоўнікі.

— Трэба адзначыць, што пошта — гэта не толькі газеты, лісты, тэлеграмы. Мы аказваем больш за 40 відаў паслуг, — падкрэслівае Таццяна Фёдараўна. — Дадам, што кожнае сваё дзеянне мы прапрацоўваем з улікам двух прынцыпаў — запатрабаванасць і даступнасць. Для нас вельмі важна не толькі ўводзіць у сферу абслугоўвання патрэбнае кліентам, але і зрабіць так, каб яны маглі без перашкод скарыстацца чарговай прапановай. З гэтай нагоды зараз рэалізуецца праект па пераводзе стандартных паштовых аддзяленняў ва ўстановы самаабслугоўвання. У нашым раёне ў такім фармаце ўжо працуюць АПС Клепачы і Лінова, кліенты якіх могуць выбіраць тавары на паліцах па даступных цэнах. А яшчэ ажыццяўляць анлайн-заказы з дастаўкай на пошту або дадому ці пакінуць заяўку ў «стале заказаў» на сельгаспрылады і нават веласіпеды.

Начальнік Роўбіцкага аддзялення Святлана Бульчук.

Сапраўды, работа беларускіх паштавікоў заўсёды лічылася ўзорнай на постсавецкай прасторы. Аператыўнасць, дакладнасць і гарантыя захаванасці — бескампрамісны трэнд айчынных сувязістаў. Таго ж прытрымліваецца і раённая паштовая сувязь. Якасць паслуг і так даволі высокая, у дадатак штогод уносяцца карэктывы, каб яшчэ больш палепшыць абслугоўванне кліентаў. Сведчаннем таму можна лічыць даўно знаёмую многім карыстальнікам службу EMS, хуткасць якой толькі нязначна саступае лічбавай сувязі. І не толькі ў межах краіны, але і па замежных адпраўленнях. Самае галоўнае — гарантыя таго, што адрасат атрымаў пасланне, а не страціў яго з-за вірусаў, адсутнасці электраэнергіі ці па іншых прычынах.

— Мы не можам канкурыраваць з глабальнай інтэрнэт-сеткай, але ж яна не дае шэрагу тых пераваг і выгод, што захоўвае за сабой традыцыйная пошта. Напрыклад, магчымасць атрымаць пісьмо з малюнкам ад любімага ўнука. Ці перадаць пяшчоту і павагу ветэрану праз паштоўку.

Гэты спіс можна дапаўняць бясконца, у прыватнасці, нельга пакінуць па-за ўвагай сакрэтнасць дзелавой перапіскі, калі адрасат можа быць перакананы, што важныя дадзеныя трапяць толькі ў патрэбныя рукі. А яшчэ такі папулярны рух, як посткросінг, які аб’ядноўвае філакартыстаў усяго свету. Ёсць навіны і для юрыдычных асоб, якім даецца магчымасць у рамках Нацыянальнай паштовай электроннай сістэмы, што была створана нядаўна, адпраўляць простую або заказную карэспандэнцыю ў лічбавым фармаце.

Вадзіцель-паштальён Анатоль Фёдаравіч Семянчук за змену наведвае 13 вёсак, іх жыхарам ён не толькі дастаўляе карэспандэнцыю, але і дае магчымасць скарыстацца шырокім спектрам паштовых паслуг.

А яшчэ спіс зручнасцей, што дае паштовая сувязь, могуць дапоўніць жыхары аддаленых вёсак, асабліва састарэлыя, для якіх паштальёны нярэдка становяцца сапраўды роднымі людзьмі. Яны дастаўляюць не толькі карэспандэнцыю, але і іншыя заказы — бытавыя тавары, прадукты. А дзякуючы праекту «Мабільны паштальён» усе «палявыя работнікі» забяспечаны спецыяльным абсталяваннем для прыёму безнаяўных плацяжоў, правядзення банкаўскіх аперацый і нават для пакупак тавараў у анлайн-крамах.

Застаецца толькі пажадаць беларускай пошце захоўваць свае пазіцыі, заставацца запатрабаванай і надалей падтрымліваць адзінства паміж людзьмі і краінамі. А ўсім яе работнікам — здароўя, дабрабыту, стабільнасці.

Алег Сідарэнка. Фота з архіву рэдакцыі