Понедельник, 16 сентября 2024

Не толькі гандаль і пастаўкі. Лукашэнка прапанаваў Курскай вобласці супрацоўніцтва пад ключ

189

Беларусь гатова не толькі развіваць гандаль з Курскай вобласцю Расіі, але і рэалізоўваць у гэтым рэгіёны праекты пад ключ. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Курскай вобласці Расіі Раманам Старавойтам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Няхай мы не дасягнулі вялікіх вышынь у тавараабароце (гэта 205-210 мільёнаў долараў), але ўсё ж такі мы бачым значны прырост, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Нюанс адзін: у нас адмоўнае сальда. Але мы гатовы нівеліраваць гэты недахоп. Галоўнае, ёсць чым».

Асаблівую ўвагу, падкрэсліў Прэзідэнт, неабходна сканцэнтраваць на найбольш перспектыўных напрамках узаемадзеяння: будаўніцтве, прамысловай кааперацыі, аграпрамысловым комплексе. «Мы зацікаўлены ў нарошчванні паставак у ваш рэгіён кар’ернай тэхнікі, грузавых аўтамабіляў, сельгастэхнікі, будаўнічай, дарожнай», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Курская вобласць мае намер увайсці ў топ-10 расійскіх рэгіёнаў у сферы ўстойлівага развіцця. Беларускі бок гатовы аказаць садзейнічанне ў дасягненні гэтай задачы, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы гатовы вам аказваць паслугі па капітальным рамонце жылля, праектаванні, правядзенні інжынерных работ. Гатовы будаваць пад ключ. Гатовы пастаўляць ліфтавае абсталяванне», — адзначыў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, бакі могуць паспяхова дапаўняць адзін аднаго ў галіне аграпрамысловага комплексу, уключаючы перапрацоўку прадукцыі, сельгасмашынабудаванне, племянную справу, расліводства і насенняводства. «Мы з задавальненнем падключымся да рэалізацыі гэтых праектаў у вашым рэгіёне, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Гатовы прадставіць сучасныя тэхналогіі і абсталяванне па водаачыстцы, водаадвядзенні. Чыстая вада — гэта здароўе чалавека. У Беларусі гэта праграма паспяхова рэалізуецца. Калі трэба, мы можам падключыцца і да рэалізацыі такіх напрамкаў на вашай тэрыторыі».

«Усё, што я называў, мы гатовы рабіць пад ключ. Не проста гандляваць, пастаўляць нешта ў вашу вобласць. Не без гэтага, вядома. Але вы павінны разумець і ведаеце, што прадаць — гэта адно. А вось стварыць сумесную вытворчасць, спраектаваць, пабудаваць нешта патрэбнае з сацыяльных, прамысловых аб’ектаў пад ключ — мы можам за гэта ўзяцца і гатовы несці за гэта адказнасць. Па цане — якасці канкурэнтаў нам нават у свеце цяжка будзе знайсці», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт растлумачыў, адкуль у беларускіх будаўнікоў такія перавагі: «Усе хочуць зарабіць вялікую суму, хутчэй пабудаваць, няважна як. Мы — людзі адказныя, у нас магутнейшы дзяржаўны сектар. Мы яго не развалілі. А з прычыны таго, што дзяржава стаіць за спінай дзяржкампаній, будаўнічых трэстаў, яна і нясе адпаведную адказнасць на дзяржаўным узроўні».

«Словам, калі вы вырашыце працаваць з Беларуссю, я вам магу гарантаваць поўную адказнасць нашых кампаній, і прыватных, і дзяржаўных. Гатовы адказваць за іх работу на вашай зямлі», — рэзюмаваў беларускі лідар.