Вторник, 21 января 2025

Не просто красивый двор, а агроусадьба. Продолжаем изучать уютные уголки

920

На адной з ціхіх вулачак на ўскрайку аграгарадка Белавусаўшчына жывуць Святлана Аляксееўна і Юрый Пятровіч Пракоп’евы. На Пружаншчыну яны прыехалі больш за 20 гадоў таму.


— Я і муж, а таксама наш сын нарадзіліся ў Казахстане і жылі ў горадзе Петрапаўлаўску, — гаворыць Святлана Аляксееўна. — Калі распаўся Савецкі Саюз і сталі ўзнікаць праблемы з працаўладкаваннем і дабрабытам сям’і, вырашылі змяніць месца жыхарства.


Пракоп’евы Пружаншчыну выбралі невыпадкова: паклікалі карані. Напачатку 50-х гадоў XX стагоддзя бацька Святланы Аляксееўны, ураджэнец вёскі Жабін, паехаў у Казахстан на асваенне цалінных зямель. Там стварыў сям’ю і застаўся на пастаяннае жыхарства.
Святлана і Юрый Пракоп’евы купілі ў Белавусаўшчыне дом. Але яго стан не зусім задавальняў сям’ю. Пачалася маштабная рэканструкцыя жылога памяшкання.


— Дабудавалі другі паверх і тым самым павялічылі жылую плошчу на чатыры пакоі, — успамінае Святлана Аляксееўна.
За некалькі гадоў значна змянілася і прысядзібная тэрыторыя. На ўчастку з’явіліся альтанка з мангалам, летняя кухня і лазня. Быў выкапаны штучны вадаём, абліцаваны камянямі. Упрыгожылі падворак туі і шматгадовыя дэкаратыўныя кусты, кветкі, а таксама малыя архітэктурныя формы з дрэва. Дарэчы, цокаль дома таксама аздоблены дэкаратыўнымі камянямі, якія дадаюць свой шарм будынку.


Калі была створана неабходная інфраструктура, Пракоп’евы зарэгістравалі аграсядзібу.
— У нас адпачывалі знаёмыя з Казахстана, таксама прыязджалі жыхары Брэста, — кажа Святлана Аляксееўна. — У сувязі з пандэміяй каранавіруса цяпер мы перажываем не лепшыя часы, але думаю, што хутка ўсё нармалізуецца.


Наперадзе ў Пракоп’евых яшчэ шмат задум. У прыватнасці, плануюць пабудаваць дзіцячую пляцоўку, давесці да ладу хлеў.
— Для нашай сям’і Беларусь стала другой радзімай, — зазначае гаспадыня аграсядзібы. — Пасля нас у Пружаны пераехалі бацькі і сястра з мужам. У Белавусаўшчыне нарадзілася дачка Дар’я. Цяпер яна з’яўляецца студэнткай Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а сын з сям’ёй жыве ў Астрамечаве.

Святлана Аляксееўна і Юрый Пятровіч з нецярпеннем чакаюць прыезду ўнукаў, якіх у іх трое. Для іх тут цудоўнае месца для апачынку і баўлення вольнага часу.

На здымку: гаспадыня аграсядзібы С.А.Пракоп’ева.
Мікола Архуцік. Фота Сяргея Талашкевіча.

Нагадваем, што вы таксама можаце стаць героямі нашых публікацый па тэме : http://www.budni.by/?p=39155