У альбоме жыхаркі Пружан Ангеліны Іванаўны Самусь я ўбачыла стары фотаздымак: дзяўчынкі-падлеткі ў пуховых шапачках-самавязках бавяцца ў снезе.
— Гэта прыкладна 1945 год, — тлумачыць Ангеліна Іванаўна. — Адна з гэтых дзяўчынак (унізе справа) — я. А за рукі трымаюцца Зоя і Тамара…

Жылі ў Пружанах тры дзяўчынкі, тры сяброўкі: Зоя Тарасевіч, Тамара Васілеўская і Аля (так яе называлі дома з лёгкай рукі брата) Старынская. Не проста сябравалі, але і разам вучыліся ў рускай сярэдняй школе №2. Аля была на два гады маладзейшай, да вайны яна паспела скончыць усяго два класы, а ў верасні 1944 года пайшла адразу ў чацвёрты. Менавіта тут, пад крылом легендарных педагогаў Міхаіла Лукіча і Аляксея Лукіча Кулешаў, Аляксандры Міхайлаўны Несцярук, Марфы Іванаўны Казлоўскай, Яўгенія Ігнатавіча Шышко, дзяўчынкі і асэнсавалі сваё прызначэнне ў жыцці, выбралі адзіную на ўсіх трох прафесію — настаўніцкую. Тамара і Зоя паехалі вучыцца ў Брэсцкі настаўніцкі інстытут, а Ангеліна паступіла ў Пружанскае педагагічнае вучылішча.
Пасля заканчэння вучобы маладыя спецыялісты раз‘ехаліся па месцах размеркавання. Зносіны працягваліся, толькі цяпер ужо сябравалі сем‘ямі. Што цікава, усе трое выйшлі замуж таксама за настаўнікаў: выбраннікамі Зоі і Ангеліны сталі матэматыкі — Лявонцій Паўлавіч Кудрэйка і Андрэй Аляксандравіч Самусь, а муж Тамары Іван Васільевіч Вайцяховіч выкладаў біялогію.
Зоя Макараўна пачала весці ўрокі рускай мовы і літаратуры ў Носкаўскай сямігодцы, Тамара Мікалаеўна, таксама літаратар, спачатку трапіла ў вёску Гошчава Івацэвіцкага раёна, а праз год апынулася ў Хараўской сярэдняй школе. Праз некаторы час абедзве “сустрэліся” ў пружанскай СШ №1, а пасля будаўніцтва ў 1966 годзе трэцяй гарадской сярэдняй школы таксама дружна, сем‘ямі, перайшлі працаваць сюды. І Андрэй Аляксандравіч, дарэчы, праз некаторы час трапіў у СШ №3. У нашым класе ён не выкладаў, тым не менш, добра запомніўся сваім гумарам. А Тамара Мікалаеўна і Зоя Макараўна вялі ў нас рускую мову і літаратуру. Былі па характары вельмі рознымі (вучні нават не ведалі, што яны сябравалі), але аднолькава імкнуліся прывіць вучням прагу да ведаў, любоў да чытання. Мы не проста завучвалі вершы і біяграфіі пісьменнікаў: вучыліся мысліць, аналізаваць. З удзячнасцю ўзгадваю тыя ўрокі літаратуры, і не толькі.
На жаль, Зоя Макараўна рана пайшла з жыцця. А Тамара Мікалаеўна два гады таму адзначыла сваё 90-годдзе, але зараз вельмі хварэе…
Што тычыцца Ангеліны Іванаўны, то настаўніца пачатковых класаў атрымала размеркаванне ў Сухопальскую СШ, праз год, калі яе мужа прызначылі дырэктарам сямігодкі ў Перадзельску, паехала сюды, і нарэшце ў 1960-м вярнулася ў родную СШ №2.
— У нас была вельмі добрая школа, — кажа Ангеліна Іванаўна Самусь. — Класы па 40, нават 45 вучняў — і на ўсіх у педагогаў хапала часу. Тады нават паняцця такога не было, як рэпетытарства. Трэба дадаткова пазаймацца з вучнем — займаліся пасля ўрокаў. За 40 гадоў працы (я, калі выйшла на пенсію, у пятай школе яшчэ нейкі час працавала) нікога не пакінула на другі год. І дысцыпліна добрая была, хаця я на вучняў ніколі не крычала. Крыкам у класе праблему не вырашыш. У кут, праўда, ставіла з кніжкай па чытанні. А праз две мінуты пыталася: “Ну, дзе лепш, у куце ці за партай?” Наогул, мы атрымалі выдатную загартоўку ў сваіх настаўнікаў. І таксама, як і яны, імкнуліся веды дзецям даваць, а не “паказчыкаў” дабівацца.
Пры ўсёй строгасці і патрабавальнасці настаўніца сапраўды станавілася “другой мамай” для сваіх першаклашак.
— Так атрымалася, што наша першая настаўніца з‘ехала, і ўрокі ў нас вялі розныя педагогі, — успамінае жыхарка Пружан Тамара Рудая. — Не родныя яны нам былі. І раптам прыходзіць Ангеліна Іванаўна. Як мы яе палюбілі! З усёй шчырасцю дзіцячых сэрцаў. Яна вучыла нас не толькі пісаць, чытаць, лічыць, але і больш каштоўным рэчам: сяброўству, уменню жыць у калектыве, спагадзе і адказнасці… Наш клас быў першым выпускам у Ангеліны Іванаўны ў СШ №2, але і зараз, амаль праз 60 гадоў, яна памятае ўсіх, цікавіцца нашым жыццём, параду добрую гатова даць. А яшчэ яна заўсёды была — і застаецца — вельмі актыўным, аптымістычным чалавекам, нягледзячы на тое, што многа гора, шмат страт давялося перажыць. Сама прызнаецца, што жыве “тут і зараз”, не зацыкліваецца на мінулым, не зазірае ў будучыню. Гэта з яе афарызмаў: “Цела можа падводзіць, пачуццё гумару — ніколі”. Здароўе, і праўда, у нашай першай настаўніцы ўжо не тое, а то б, напэўна, і зараз у хор пабегла.

Так, Ангеліна Самусь не толькі займалася кветаводствам (вакол яе хаты і зараз шмат кветак), але і 20 гадоў спявала ў хоры ветэранаў “Чырвоны гваздзік”. Гэты талент перайшоў ёй ад бацькі, Івана Старынскага. “За польскім часам” ён быў паважаным у Пружанах чалавекам, працаваў бухгалтарам і са сваімі здольнасцямі мог бы зрабіць добрую кар‘еру, калі б… перайшоў у каталіцтва. Але Іван Антонавіч не змяніў праваслаўнай веры продкаў, у дадатак шмат гадоў спяваў у царкоўным хоры.
— У таты прыгожы бас быў, — узгадвае Ангеліна Іванаўна. — Ён спяваў яшчэ ў тыя часы, калі Рыгор Шырма хорам кіраваў. Пазней Рыгор Раманавіч прыязджаў двойчы са сваёй капэлай і да нас заходзіў.
Ангеліна Іванаўна ганарыцца сынам, які таксама ўнаследаваў шматлікія таленты дзядулі і бацькоў. Вячаслаў Андрэевіч стаў доктарам сельскагаспадарчых навук, да выхаду на пенсію ўзначальваў РУП “Інстытут пладаводства” ў Самахвалавічах. Жанчына радуецца, што ў хуткім часе з‘явіцца чарговая падстава сабрацца за сталом з сынам і нявесткамі, унукамі, роднымі і сябрамі, былымі калегамі і вучнямі: якраз на Тройцу, 12 чэрвеня, ёй споўніцца 90 гадоў!
Здароўя Вам, шаноўная Ангеліна Іванаўна, бадзёрасці, актыўнага даўгалецця. Няхай не знойдзецца такой сілы, што б змагла сцерці ўсмешку з Вашых вуснаў, затуманіць бляск Вашых вачэй.
З юбілеем!
Ірына Сядова. Фота з архіваў А.І.Самусь і рэдакцыі