У Беларусі колькасць хворых на рак малочнай залозы з кожным годам расце. Сумна, але, на жаль, гэта так. Больш за тое, у структуры анкалагічных захворванняў жаночай паловы насельніцтва краіны сёння рак грудзей займае другое месца, саступаючы лідарства толькі раку скуры. Штогод дыягназ «рак малочнай залозы» ўпершыню ставіцца больш як чатыром тысячам беларусак.
Поспех лячэння раку малочнай залозы напрамую залежыць ад стадыі захворвання. Вось чаму загадчыца рэнтгеналагічнага аддзялення ЦРБ Ганна Калач так настойвае пільна ставіцца да ўласнага здароўя і своечасова рабіць прафілактычныя агляды ў вузкага спецыяліста.

— Рак малочнай залозы, выяўлены на ранніх стадыях, мае высокі шанец на лячэнне, — звяртае ўвагу Ганна Сцяпанаўна. — Мяркуйце самі: як сведчыць медстатыстыка, выжывальнасць жанчын з І-ІІ стадыяй захворвання складае больш за 80%, з ІІІ стадыяй — амаль 60%. А вось у запушчаных выпадках, калі захворванне выяўлена ажно на IV стадыі, — усяго крыху больш за 10%.
Своечасовае выяўленне злаякасных новаўтварэнняў — адзіны шлях да зніжэння смяротнасці з-за анкалагічных захворванняў. Як жа выявіць рак малочнай залозы на ранняй стадыі? Важным складнікам дзяржпраграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016-2020 гады з’яўляецца скрынінг раку малочнай залозы. Гэта адзін з метадаў прафілактычных даследаванняў з навукова даказанай эфектыўнасцю.
Ганна Сцяпанаўна ўдакладняе, як удзел у праграме скрынінгу дазваляе знізіць рызыку смерці ад захворвання.
— Сутнасць метаду зводзіцца да даследавання вялікіх груп насельніцтва. Рэгулярнае прымяненне такой меры дазваляе выяўляць захворванне на ранняй стадыі, калі яно яшчэ не выклікае сімптомаў і яго прасцей лячыць. Найбольш эфектыўным метадам скрынінгу раку малочнай залозы ў жанчын з сярэдняй рызыкай яго развіцця з’яўляецца мамаграфія. Яна дазваляе ўбачыць нават дробныя пухліны памерам меншым за адзін сантыметр.

З канца мінулага года мамаграфія стала праводзіцца і ў Пружанскай ЦРБ. Скрынінг раку малочнай залозы праводзіцца жанчынам раз на два гады. Узрост абследуемай катэгорыі — ад 50 да 69 гадоў — невыпадковы: жанчыны менавіта гэтага ўзросту складаюць асноўную групу рызыкі па з’яўленні раку малочнай залозы.
— Варта разумець, што ў некаторых выпадках для ўстанаўлення дакладнага дыягназу патрабуюцца дадатковыя метады даследавання (ультрагукавое даследаванне, прыцэльная тонкаіголкавая біяпсія), — звяртае ўвагу доктар. — Мамаграфія — гэта рэнтгенаўскае даследаванне малочнай залозы, якое выконваецца ў дзвюх праекцыях з кожнага боку. Для атрымання больш якаснага малюнка перад даследаваннем малочная залоза сціскаецца пры дапамозе пласцін мамографа (гэта можа выклікаць крыху непрыемныя адчуванні).
Медыкі папярэджваюць: каб убачыць правільную карціну, пацыент павінен памятаць пра пэўныя правілы мамаграфічнага даследавання. Напрыклад, у дзень даследавання нельга карыстацца антыперспірантамі.
Зразумела, нельга выключаць верагоднасць так званага інтэрвальнага раку: ён можа з’явіцца ў прамежкавы перыяд паміж мама-графіямі. Таму нават пасля скрынінгу трэба раз на месяц праводзіць самаабследаванне малочных залоз. А рэгулярная мамаграфія знізіць верагоднасць смерці ад раку грудзей на 20-30%. Гэта ўжо даказалі шматлікія даследаванні.
Марына Вакульская, фота аўтара.
Прафілактычны праект
«Папярэдзь хваробу — выберы жыццё»,
накіраваны на агляд пацыентаў групы рызыкі
па анкалагічнай паталогіі, будзе праводзіцца
14 сакавіка на базе паліклінікі Пружанскай бальніцы,
15 сакавіка — на базе паліклінікі Ружанскай бальніцы.
Кансультацыйны прыём будуць ажыццяўляць
урачы абласных устаноў:
— мамолаг (запіс на прыём па тэл. 9-53-96, 9-53-92);
— гінеколаг, уролаг (запіс на прыём па тэл. 2-31-14);
— дэрматолаг (запіс на прыём па тэл. 2-11-82);
— анколаг пухлін галавы і шыі (запіс на прыём па тэл. 9-29-63);
— эндакрынолаг.
Запіс на прыём у Ружанскай бальніцы па тэл. 35-8-83, 31-4-50 (ж/к).
Запіс на кансультацыю да спецыялістаў будзе ажыццяўляцца толькі па накіраванні ўрачоў-спецыялістаў Пружанскай, Ружанскай бальніц, загадчыкаў амбулаторый.
У праекце будуць удзельнічаць таксама псіхолаг і псіхатэрапеўт (запіс на прыём па тэл. 9-04-65).
Будуць праводзіцца наступныя абследаванні: ультрагукавое даследаванне шчытападобнай залозы (на базе скурна-венералагічнага кабінета), вызначэнне глюкозы ў крыві, глікіраванага гемаглабіну, агульнага аналізу крыві, ліпіднага спектра).