Понедельник, 2 декабря 2024

Не прамаруджваць і не баяцца. Чаму Лукашэнка ўпэўнены ў будучым беларускай рыбнай галіны

37

У 2019 годзе Прэзідэнт Беларусі наведаў фарэлевую гаспадарку «Лахва». Дэталёва цікавіўся тэхналогіямі, рэнтабельнасцю, аб’ёмамі вытворчасці, наяўнасцю рынкаў. А потым паставіў задачу: калі ёсць перспектыва — не прамаруджваць. Бо навошта чакаць, пакуль міне час, а разам з ім і «залатая рыбка»… У новым выпуску YouTube-праекта «Па факце: рашэнні Першага» мы раскажам, колькі рыбы вырошчваюць у Беларусі, як далей збіраюцца развіваць аквакультуру ў нашай краіне і на што кіраўнік дзяржавы згодны пры неабходнасці выдзеліць сродкі.

Колькі рыбы вырошчваюць беларускія вытворцы

У Беларусі 16 арганізацый, якія займаюцца развядзеннем рыбы. У год яны вырошчваюць 15 тыс. т, з іх да 800 т каштоўных парод. І яшчэ крыху даных на прыкладзе мінулага года. У вадаёмах краіны ў 2022-м вылавілі амаль 14 тыс. т рыбы, у штучных рэзервуарах — 7,6 тыс. т. У асноўным у нас водзіцца сажалкавая рыба, 65 працэнтаў улову прыпадае на карпа. Сярод каштоўных парод разводзім фарэль, асятра, сома. Па прамысловым улове ў лідарах арганізацыі Мінскай і Брэсцкай абласцей.

У рыбгасаў непасрэдна беларусы купілі 3,2 тыс. т рыбы, 2 тыс. т пайшло ў гандлёвыя арганізацыі і больш за 1,5 тыс. т — на перапрацоўку. Наведваючы восенню мінулага года Беларускую нацыянальную біятэхналагічную карпарацыю (БНБК), Аляксандр Лукашэнка даручыў губернатарам прадумаць новыя крокі ў развіцці рыбаводства з улікам наяўнасці сучасных камбікармоў.

«Калі мы гэта можам рабіць і там добрая прыбытковасць, маржынальнасць, ну дык давайце пабудуем больш. Сядзьце і падумайце, што мы можам вырошчаць тут, якую рыбу. Корм ёсць», — заявіў кіраўнік дзяржавы ў час наведвання БНБК у лістападзе мінулага года.

Як запуск БНБК паўплываў на айчыннае рыбаводства

БНБК паспяхова запусцілі. У карпарацыі вырабляюць поўнарацыённыя высокаэфектыўныя камбікармы для каштоўных відаў рыб у выглядзе экструдату. Проста кажучы, гранулы атрымліваюцца трывалымі, лепш захоўваюць форму і маюць павышаную водаўстойлівасць. Характарыстыкі не горшыя, чым у лепшых сусветных вытворцаў. Паяданне такога прадукту складае 95-100 працэнтаў, што дазваляе атрымаць хуткі рост рыбы пры нізкіх кармавых затратах.

У мінулым годзе Беларусь упершыню пачала экспартаваць камбікорм для каштоўных парод рыб. У планах — далейшае нарошчванне вытворчасці. Маючы такі флагман у кармавой індустрыі, лагічна развіваць уласную аквакультуру. Тым больш што асноўныя кампаненты ў сабекошце рыбы — гэта кармы і энергазатраты. У некаторых краінах дабаўляецца і кошт вады. Добра, з гэтым у Сінявокай праблем няма.

«Асноўным вытворцам і пастаўшчыком камбікорму для вытворцаў рыбы ў Беларусі з’яўляецца БНБК. Там выпускаюць кармы для фарэлі, карпа, асятра. Наша патрэбнасць — каля 30 тыс. т у год. Магутнасць БНБК складае 68 тыс. т. Нават калі ў нас у краіне павялічыцца вытворчасць рыбы ў два разы, БНБК зможа забяспечыць галіну», — расказала начальнік упраўлення прамысловай жывёлагадоўлі і рыбагаспадарчай дзейнасці Мінсельгасхарча Валянціна Адзінцова.

Як у Беларусі пашыраюць уласную вытворчасць рыбы

Імпарт рыбы і рыбнай прадукцыі за мінулы год склаў 164 тыс. т, якія прынеслі $500 млн. Рашэнне Аляксандра Лукашэнкі — пашырыць уласную вытворчасць. Дзяржпраграмай на 2021-2025 гады прадугледжана павелічэнне аб’ёмаў выпуску каштоўных відаў рыб па ўсёй краіне практычна ўдвая. Без будаўніцтва новых індустрыяльных комплексаў не абысціся. Тым больш што паспяховыя прыклады ёсць. У адной з гаспадарак асвоілі вытворчасць чорнай ікры, якая па смакавых якасцях выйграе на сляпых дэгустацыях і атрымлівае высокія ацэнкі экспертаў.

«Некалі я быў пад Мінскам, у басейнах разводзяць асятровых і атрымліваюць чорную ікру. Калі камусьці слоік падарыць, усе дзівяцца. Ільхаму Аліеву або Пуціну я спецыяльна падарыў. Я гавару: «Пакаштуй, у Крамлі такой няма». Дзівіцца, што мы можам вырабляць такую ікру. Чаму гэта не рабіць, не ведаю… Калі мы асвоілі гэтыя тэхналогіі», — расказаў пра якасць беларускай ікры кіраўнік дзяржавы ў час наведвання БНБК у лістападзе мінулага года.

На якую рыбаводную гаспадарку Лукашэнка робіць асаблівую стаўку

У 2023 годзе Прэзідэнт зноў наведаў фарэлевую гаспадарку «Лахва». Аляксандру Лукашэнку далажылі аб прымаемых мерах па нарошчванні вытворчасці каштоўных парод рыб. Як паказаў час, укладзеныя грошы не прапалі як вада. Вытворчасць рэнтабельная, і яе трэба маштабіраваць. Праекты па будаўніцтве ў Магілёўскай вобласці новых рыбаводных комплексаў Прэзідэнт падтрымаў.

У рэгіёне пабудуюць тры аб’екты. Комплекс створаць у Краснапольскім раёне. Яго вытворчая магутнасць складзе 1 тыс.т фарэлі ў год. Папярэдні кошт праекта — амаль Br40 млн. Яшчэ адна рыбаводная пляцоўка па вытворчасці аплодненай ікры радужнай фарэлі з’явіцца ў Чэрыкаве. На яе закладваюць амаль Br35 млн. Тут разлічваюць атрымліваць 25 млн ікрынак у год. Таксама яшчэ прапрацоўваецца ўзвядзенне фарэлевага матачніка.

«Добра, мы падтрымаем гэта. Нават калі будзе не хапаць, пазычым крыху грошай. Але трэба гэта імгненна пабудаваць. Давайце будзем гэтыя два праекты рэалізоўваць», — заклікаў чыноўнікаў кіраўнік дзяржавы ў час паездкі ў Бялыніцкі раён у верасні бягучага года.

Гаспадарка «Лахва» — прыклад таго, як можна і трэба развіваць рыбаводства. Гэта буйнейшая ў краіне вытворчасць радужнай фарэлі. Прадпрыемства замкнутага цыкла — там вырабляюць усё ад малька да таварнай прадукцыі. Перадавыя тэхналогіі дазваляюць вырошчваць рыбу незалежна ад кліматычных умоў. Але гэта не так проста, як можа здацца на першы погляд. Прыбытак прыплывае не адразу. Ад ікры да таварнай рыбы — два-тры гады.

Дзе рыхтуюць спецыялістаў для айчыннай рыбнай галіны

Даручэнне Прэзідэнта — не забываць пра кадры. Улічваючы перспектывы развіцця сферы, патрэбны прафесіяналы. Рыхтаваць спецыялістаў для рыбнай галіны ў Беларусі пачалі больш за 30 гадоў таму. У сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках адкрылі спецыяльнасць «прамысловае рыбаводства», цяпер яна называецца «водныя біярэсурсы і аквакультура». Ёсць добрая матэрыяльна-тэхнічная база. На тэрыторыі акадэміі знаходзіцца рыбаводны індустрыяльны комплекс. Працуюць устаноўкі замкнутага водазабеспячэння, дзе студэнты вучацца розным спосабам вырошчвання рыб розных відаў.

«Асноўнай установай падрыхтоўкі спецыялістаў для рыбнай галіны з’яўляецца Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках. Кафедра выпускае 45 спецыялістаў, палавіна атрымлівае вочную адукацыю. Яны размяркоўваюцца на рыбаводныя арганізацыі, асноўная частка асядае на месцах», — адзначыла Валянціна Адзінцова.

Колькі рыбы плануюць атрымаць у Беларусі ў 2023 годзе

На 2023-і ў цэлым па краіне плануюць атрымаць 17 тыс. т рыбы, у тым ліку тысячу тон каштоўных відаў. Нашу рыбную прадукцыю ведаюць і за мяжой. У мінулым годзе пастаўкі ажыццяўляліся ў 35 краін.

«Пачатак развіцця вытворчасці рыбы каштоўных парод быў пакладзены па рашэнні Прэзідэнта Беларусі ў 2013 годзе. Былі пабудаваны тры комплексы. Потым іх аб’ядналі ў адзін. З той пары мы адточвалі вопыт, і цяпер у нас усё атрымліваецца», — расказала Валянціна Адзінцова.

Зразумела, што Беларусь не марская дзяржава і мы не прэтэндуем на вялікія аб’ёмы вытворчасці. Аднак рыба ёсць і будзе на нашых сталах. Кожны беларус у сярэднім з’ядае крыху больш за 1 кг смачнага прадукту ў месяц. Але чаму б не паспрабаваць сабраць каштоўны ўлоў? Тым больш сучасныя тэхналогіі дазваляюць. Як кажуць, вады не засіліш не паварушыўшыся, рыбы не зловіш не памачыўшыся.

БЕЛТА