З ветэранамі — трывалая сувязь. І гэта ў традыцыях работнікаў па надзвычайных сітуацыях. Сапраўды, падчас службы ў кожнага выратавальніка бываюць такія выпадкі, калі даводзіцца дзейнічаць, як кажуць, у баявой абстаноўцы. Перажыць вогненныя выпрабаванні, утаймаваць небяспечную стыхію магчыма толькі ў цеснай звязцы з «таварышамі па зброі». Вось так і складваецца баявое таварыства, якое, здаецца, нават больш трывалае за сяброўства. Таму і пасля выхаду на заслужаны адпачынак пажарныя заўсёды падтрымліваюць сувязь адзін з адным. Больш за тое, нярэдка жыццём і лёсам ветэранаў цікавяцца тыя работнікі, якія працягваюць службу.
Днямі мы разам з работнікам РАНС Вольгай Ліпко пабывалі ў гасцях у Міхаіла Прэдкі. Мінула ўжо больш за 10 гадоў, як Міхаіл Аляксеевіч пакінуў службу. Аднак увесь гэты час ён сочыць за навінамі райаддзела, сустракаецца з былымі саслужыўцамі і нават прымае вось такіх гасцей.

Гэты рухавы і адкрыты чалавек многае памятае з часоў службы ў МНС. Успамінае і той паварот лёсу, які прывёў яго ў шэрагі выратавальнікаў.
— Сам я — вясковы хлопец, нарадзіўся ў Ярашэвічах, вырашыў працаваць у сельскай гаспадарцы, — расказвае ветэран.— Але ў 1994 годзе атрымаў прапанову працаўладкавацца ў пажарную часць, нават участковы інспектар міліцыі раіў абавязкова паспрабаваць: маўляў, у цябе ўсё атрымаецца. Ведаеце ж, што адбор у выратавальнікі і тады, і зараз — заўсёды строгі як па стане здароўя, так і па здольнасцях.
У Міхаіла Прэдкі ўсё аказалася ў норме, і ён стаў вадзіцелем спецаўтамабіля на Лыскаўскім пажарным аварыйна-выратавальным пасту.
За час службы давялося прайсці праз многія выпрабаванні — вадой і агнём, холадам і спёкай. Былі радасныя моманты, калі ўдавалася адабраць у агню чарговую ахвяру. Былі і сумныя… Памятае Міхаіл Аляксеевіч і падзяку ад людзей, і раўнадушша. Апошняе было самым горкім, і, здаралася, лёс караў людзей за такія адносіны.
— Мы не толькі працавалі на трывожных выездах, але і паралельна займаліся прафілактычнай работай: абыходзілі сядзібы адзінокіх старых, шматдзетных сем’яў, а таксама выпівак. Памятаю, як зайшоў у Галоўчыцах да аднаго грамадзяніна з апошняй катэгорыі і папярэджваў аб небяспецы падобнага ладу жыцця. А праз некаторы час выцягвалі з задымленага жытла яго цела…
За час службы Міхаіл Аляксеевіч неаднаразова адзначаўся кіраўніцтвам, асаблівую пашану работнік атрымаў пасля гераічнага подзвігу падчас ліквідацыі пажару на жывёлагадоўчым аб’екце каля в. Гута. Тады яны з напарнікам у моцны мароз выцягвалі цялят з ахопленага агнём будынка. І справіліся на «выдатна» да прыезду калег.
Сярод тых, дзякуючы каму ён не шкадуе, што так склаўся лёс, Міхаіл Прэдка называе Аляксандра Ганчарова, Уладзіміра Фралова, Аляксандра Масайлу. Успамінае і непасрэдных саслужыўцаў — Сяргея Здановіча, Мікалая Лазара, Юрыя Карольчыка, Сяргея Матусевіча, Аляксандра Латыша, Васілія Шацько, Аляксандра Стасюкевіча…
— Зараз гады бяруць сваё, таму з нагоды прафесійнага свята зычу ўсім здароўя. А яшчэ добрага настрою, каб кожны дзень радаваў удачай і прыемнымі навінамі, — кажа былы выратавальнік.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік