Понедельник, 2 октября 2023

Не для жанчын-вадзіцеляў, а для бяспекі ўсіх! Дарожныя знакі-люстэркі з’явіліся ў Пружанах

252

На скрыжаваннях вуліц Піянерская — Свабоды і Піянерская — Кастрычніцкая ў г. Пружаны з’явіліся дарожныя знакі-люстэркі. Трэба адразу папярэдзіць, што яны ўстаноўлены не для вадзіцеляў-жанчын, каб яны маглі, праязджаючы, паглядзець на сябе. Гэта спецыяльнае прыстасаванне, выкарыстанне якога прапісана ў Правілах дарожнага руху.

— На адным з пасяджэнняў камісіі па бяспецы дарожнага руху разглядалася небяспечная дарожная сітуацыя, што стварылася на гэтых участках. Справа ў тым, што пры перасячэнні скрыжаванняў або пры здзяйсненні манеўра павароту амаль не відаць перашкоды на перпендыкулярнай дарозе. Каб убачыць аўтамабіль, які трэба прапусціць, даводзіцца выязджаць амаль на сярэдзіну праезнай часткі, што стварае аварыйную небяспеку. Знізіць пагрозу было вырашана шляхам устаноўкі люстэркаў.

Сферычныя люстэркі патрэбныя для таго, каб вадзіцель мог лепш бачыць іншы аўтамабіль, які набліжаецца да скрыжавання. Спраектавана гэтая прылада такім чынам, што ў ёй усё добра відаць нават уначы, а сферычная паверхня дазваляе падрабязна разглядзець бакавую дарогу.

Вырабляюць такія люстэркі з пластыку, на які наносіцца спецыяльнае люстраное пакрыццё. У адрозненне ад шкляных, пластыкавыя люстэркі таннейшыя і больш трывалыя да механічных пашкоджанняў і негатыўных умоў надвор’я.

Калі вам па дарозе трапілася такое люстэрка, не варта яго ігнараваць і ехаць наўгад, абавязкова прытармазіце і ацаніце дарожнае становішча ў адлюстраванні.

А ці ўсё ў ім бачна? Начальнік інспекцыі прызнае, што пакуль дарожны знак устаноўлены не канчаткова. Зараз вывучаюцца меркаванні вадзіцеляў, збіраецца інфармацыя аб «паводзінах» прыстасавання ў кепскае надвор’е і ва ўмовах дрэннай бачнасці. З улікам атрыманых звестак будуць уносіцца карэктывы ў размяшчэнне люстэрка і нават яго накірунку.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік