Понедельник, 28 апреля 2025

Не адмаўляйце сабе ў вакцынацыі! Перамагчы кавід можна толькі на кароткай дыстанцыі

850

Чарговая хваля COVID-19 надыходзіць хуткімі тэмпамі, не пакідаючы часу на філасофскія разважанні. Трэба спяшацца: эпідэміялагічная сітуацыя на Пружаншчыне, як і ва ўсёй краіне, застаецца складанай і несуцяшальнай. На сёння толькі 25% жыхароў нашага раёна атрымалі першую дозу вакцыны, каля 15% — другую. А для стварэння групавога імунітэту неабходна мінімум 60%.

Каб паскорыць тэмпы вакцынацыі, яе правядзеннем займаюцца не толькі ва ўсіх медустановах раёна: мабільныя брыгады працягваюць выязджаць на прадпрыемствы і ў арганізацыі, дзе прышчапляюць пацыентаў на працоўных месцах, у спакойнай абстаноўцы, без чэргаў. Працуе пункт вакцынацыі і ў магазіне «Белмаркет».

Перад вакцынацыяй праводзіцца абавязковы медагляд з вымярэннем тэмпературы і сатурацыі. Калі ў чалавека назіраецца вострая фаза прастуднага ці хранічнага захворвання, то ў прышчэпцы часова адмаўляюць.


Каранавірус эвалюцыяніруе, яго новы дэльта-штам паражае нават дзяцей і падлеткаў. У Пружанскай паліклініцы нам расказалі, што захворванне працякае ў больш цяжкай форме: колькасць пацыентаў, якія паступаюць у стацыянар і маюць патрэбу ў падачы кіслароду, павялічваецца.

Колькі б мы ні шукалі апраўдання, адмаўляючы сабе ў вакцынацыі, гэта адзіная дзейсная мера для папярэджання ўскладненняў і захавання жыцця. Ва ўсякім разе, у рэанімацыях цяпер няма ніводнага прышчэпленага пацыента.

Наперадзе лістапад і зімовыя месяцы, якія традыцыйна з’яўляюцца самымі складанымі ў эпідэміялагічным плане. Таму можна сцвярджаць, што цяперашняя, чацвёртая, хваля яшчэ не дасягнула свайго піка.

Таму паспяшайцеся! Перамагчы кавід можна толькі на кароткай дыстанцыі.

На здымку: Сяргей Пятровіч Падлужны атрымаў другую прышчэпку ад каранавіруса якраз месяц таму, а зараз прыйшоў у пункт вакцынацыі ў «Белмаркеце», каб прышчапіцца і ад грыпу.

Фота Кацярыны МАСІК