Суббота, 15 февраля 2025

Назаўсёды ў мірным небе…

314

Час крочыць так хутка, што, здаецца, за яго рухам ніколі не ўгнацца. Сапраўды, так і ёсць. Ужо тры гады мінула з той страшнай трагедыі, калі навіна аб гібелі лётчыкаў 116-й Лідскай авіябазы Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенкі пад Баранавічамі ўсяго за некалькі хвілін абляцела ўсю краіну. Менавіта ў гэты момант той самы час спыніў свой крок…

А пачынаўся дзень 19 мая 2021 года даволі звычайна. Тады я працавала ў Мінску на ваенным тэлебачанні. Мы з калегамі планавалі бягучыя справы, актыўна абмяркоўвалі будучы матэрыял праграмы «Арсенал». Раптоўна дзверы кабінета расчыніліся. Спачатку ў праёме нікога не было, потым моўчкі ўвайшоў галоўны рэдактар. Мабыць, збіраўся с думкамі, потым выпаліў з ходу:
— Трэба збірацца ў Ліду. Хто сам жадае? Загінулі нашы ваенныя лётчыкі. Ад нас чакаюць падрабязнасцей і каментарыяў саслужыўцаў. Ехаць трэба прама зараз.
У кабінеце павісла цішыня. Здымачная група, у складзе якой апынулася я, адправілася з рэдакцыйным заданнем на авіябазу ўсяго праз 15 мінут. Ехалі моўчкі, гаварыць было цяжка. Так атрымалася, што гэта першая камандзіроўка ў маім жыцці ў такім стане. Ад нас чакалі хуткасці, сабранасці, поўнага матэрыялу да выхаду вячэрніх навін на «Беларусь 1».

Пры ўваходзе ў галоўны корпус авіябазы на чырвоным абрусе ўжо стаялі партрэты герояў, гарэлі лампадкі. У калідоры — невыносная цішыня… Нягледзячы на абставіны, трэба было ўзяць сябе ў рукі і пачынаць працаваць. Яшчэ па дарозе дамовіліся з намеснікам камандзіра аб інтэрв’ю, але ён гаварыць не змог….
Час ішоў, матэрыялу не было. Дапамагчы нам вырашылі сакурснікі, саслужыўцы, сябры загінулых. Яны кожны дзень былі побач, разам вучыліся, выконвалі вучэбныя заданні. З моманту нашага прыезду ў Ліду да запісу сінхронаў прайшло амаль дзве гадзіны. За гэты час адкрыліся новыя падрабязнасці катастрофы, і мы атрымалі дакладную інфармацыю.

Я заўсёды здзіўлялася мужнасці авіятараў. І гэтыя маладыя лётчыкі ўсяго праз некалькі гадзін пасля трагедыі, са слязамі на вачах здолелі даць нам разгорнуты каментарый здарэння, выказаць свае пачуцці… Але слёзы каціліся без перапынку, быццам ачышчалі душу ад невыноснага болю.
Тады стала вядома, што Андрэй і Мікіта цаной сваіх жыццяў выратавалі тысячы жыхароў горада Баранавічы, адвялі баявую машыну за межы населенага пункта. Што адчувалі яны ў гэты момант, можна толькі здагадвацца, ясна адно: думаць пра сябе не было калі. З моманту адказу сістэмы кіравання самалёта да катастрофы заставалася крыху больш за мінуту.

Вярталіся на базу мы ў поўнай цемры, стомленыя эмоцыямі і маўклівыя. Здавалася, нават наваколле плакала разам з намі, спачувала ўсёй краіне. Гэты боль не быў адасобленым, асабістым, ён закрануў кожнае сэрца. Гэта быў незвычайны дзень і ў маім жыцці. У свеце асабістай трагедыі гібель лётчыкаў я адчувала асабліва востра. Нахлынулі ўспаміны, шчаміла сэрца. Зваротная дарога здавалася вельмі доўгай. Хацелася забыцца і заснуць…
Лётчыкі-героі таксама, як і ўсе мы, будавалі планы, марылі аб будучым, але лёс распарадзіўся інакш. Яны назаўсёды засталіся з небам, якое некалі дало ім крылы. Андрэй Нічыпорчык і Мікіта Куканенка паўтарылі подзвіг брастаўчаніна Уладзіміра Карвата, які выконваў начны трэніровачны палёт у маі 1996 года. Цаною свайго жыцця ён таксама адвёў палаючы самалёт ад вёсак Арабаўшчына і Вялікае Гацішча Баранавіцкага раёна, такім чынам выратаваў сотні мірных жыхароў. Паміж подзвігамі герояў прайшло 25 гадоў і чатыры дні.

Я пераканалася ў адным: у авіяцыі выпадковых людзей не бывае. Сваімі ўчынкамі героі даказалі, што значыць на самай справе быць вернымі ваеннай прысязе, народу, Айчыне! Ім прысвоены званні Герояў Беларусі, іх імёны ўвекавечаны ў помніках, назвах вуліц, сквераў і школ. А простыя людзі, на вачах у якіх адбыліся трагедыі, кожны дзень углядаюцца ў далечыню, нібы лёгкім позіркам праводзяць самалёты і жадаюць лётчыкам толькі аднаго: каб неба іх зберагло і вярнула проста жывымі…

Ірына Велясевіч. Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц