Пятница, 14 февраля 2025

Навучыцца плаваць можна і ў садку! У Лінова праходзяць заняткі для дзетак у сучасным басейне

444

У Ліноўскім дзіцячым садку ёсць усе ўмовы для таго, каб дзеці прызвычайваліся да здаровага ладу жыцця. Малым асабліва падабаецца сучасны басейн, заняткі ў якім праходзяць два разы на тыдзень.

Плаванне карыснае ўсім і ў любым узросце. Вельмі добра, калі гэты навык набываецца з дзяцінства. Дзеці, для якіх праводзяцца заняткі на вадзе, менш схільныя да захворванняў і больш актыўныя ў жыцці. Так лічыць і кіраўнік фізічнага выхавання Ліноўскага садка Таццяна Давідзюк. Педагог не проста вучыць малых плаваць, але і выкарыстоўвае ў сваёй рабоце розныя элементы аэробікі і акрабатыкі, якія дапамагаюць развіваць каардынацыю.

Мы пабывалі на занятках у басейне і ўбачылі, з якім азартам вучацца плаваць дзеці. Увесь час тут панавала атмасфера свята, а ўсмешкі не сыходзілі з твараў малых нават пасля занятку. Дзеткі з ахвотай дзяліліся меркаваннямі.

Мілана Глушко:
— Мне падабаецца наш басейн і заняткі ў ім. З практыкаванняў больш за ўсё атрымліваецца «зорачка». Але я люблю і заняткі ў іншых гуртках, якія ёсць у нашым садку.

Васіліса Жалнярчук:
— Заняткі ў басейне праходзяць заўжды весела. Я рада, што ў нас ёсць такі басейн. З усіх практыкаванняў мне больш за ўсё падабаецца ныраць пад ваду. Гэта здорава!

Кацярына Баркоўская:
— Я люблю плаваць. Мне двух заняткаў мала, хачу, каб было больш. Цікава выконваць на вадзе новыя заданні. Ды і ўвогуле жыццё ў садку мне вельмі падабаецца.

Дамініка Кавалевіч:
— Кожны раз чакаю заняткаў у басейне і хачу, каб яны былі часцей. У мяне добра атрымліваецца «зорачка». Я раней хадзіла ў іншы садок. Калі прыйшла сюды, узрадавалася, што тут ёсць басейн.

Руслан Басак.

Фота Кацярыны Масік