Воскресенье, 6 октября 2024

Навучэнцы каледжа супраць узвядзення агароджы ў пушчы. Адкрыты дыялог на актуальную тэму прайшоў у навучальнай установе

281

Адкрытыя дыялогі, якія праводзяцца ў нашай краіне па ініцыятыве БРСМ, замацавалі за сабой статус пляцовак для абмену меркаваннямі і думкамі па самых злабадзённых праблемах. Адна з такіх — будаўніцтва польскім бокам агароджы ў Белавежскай пушчы. Гэтаму пытанню было прысвечана мерапрыемства ў Пружанскім каледжы.

Ва ўтульным каворкінгу — месцы для працы і адпачынку — сабраліся старасты вучэбных груп і тыя навучэнцы, якія ўваходзяць у інфармацыйна-ідэалагічны сектар. У якасці спікера выступіў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік. Выступоўца прапанаваў узнавіць веды пра рэліктавы лес. Высветлілася, што многія не раз наведвалі нацыянальны парк, а вось з сітуацыяй наконт будаўніцтва агароджы знаёмы павярхоўна.

Аляксандр Канстанцінавіч распавёў пра тыя факты, якія сталі нагодай для ўзвядзення агароджы. Спробы ўсталяваць агароджу былі яшчэ ў 2017 годзе, і тады ад калючага дроту пацярпела мноства жывёл, у тым ліку чырванакніжных. Новы віток напружанасці звязаны з павелічэннем у 2021 годзе колькасці мігрантаў на граніцы з ЕС. Узвядзеннем агароджы Польшча імкнецца пазбавіцца ад гэтай праблемы. Беларусь жа не пакінула людзей, а стварыла неабходныя ўмовы для іх часовага размяшчэння і аказала дапамогу.

— Варта ўлічваць, што будаўніцтва перашкоды зменіць структуру глебы і гідралагічны рэжым пушчы, з-за чаго будуць пакутаваць многія віды жывёл. Каб нас пачулі ў Польшчы, у Беларусі праз электронную платформу пачаўся збор подпісаў пад петыцыяй супраць будаўніцтва агароджы, аднак нашы людзі яшчэ не прызвычаіліся падпісваць нешта ў інтэрнэце. Таму мы арганізавалі збор подпісаў традыцыйным спосабам. У выніку супраць будаўніцтва ўжо выказалася больш за 30 тысяч жыхароў Брэсцкай вобласці, з іх 4300 – жыхары Пружанскага раёна. Найбольш актыўна пра сваю пазіцыю заявілі работнікі ЦРБ, ААТ «Жураўлінае», КУВП «Камунальнік», Пружанскага малочнага камбіната, — расказаў начальнік аддзела райвыканкама.

Выступленне Аляксандра Момліка дапаўняла прэзентацыя. Варта адзначыць, што навучэнцы актыўна ўключаліся ў дыялог. Моладзь разумее, што будаўніцтва не вырашыць міграцыйны крызіс, толькі дадасць экалагічных праблем, і таму выступае супраць узвядзення агароджы. Інфармацыю, атрыманую падчас сустрэчы, хлопцы і дзяўчаты паабяцалі данесці да сваіх аднагрупнікаў і сяброў.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік

Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_283703522