Штогод у Беларусі праводзіцца рэспубліканская акцыя «Адзіны дзень бяспекі», арганізаваная Міністэрствам надзвычайных сітуацый. Яе мэта — правядзенне прафілактычных мерапрыемстваў па папярэджанні надзвычайных сітуацый (НС) у працоўных калектывах, а таксама навучанне паводзінам ва ўмовах НС, аварый, пажараў, аказанню першай медыцынскай дапамогі.
26 верасня ва ўсіх гарадах гучалі сірэны вучэбнай эвакуацыі людзей. Пружанскім РАНС таксама былі адпрацаваны практычныя дзеянні на выпадак эвакуацыі грамадзян пры няштатнай надзвычайнай сітуацыі на тэрыторыі ЦРБ, райгазу, завода радыёдэталяў, навучальных устаноў горада.
У гасцінічна-турыстычным комплексе «Мікалаеўскі» прайшоў навучальны семінар з работнікамі ААТ «Жураўлінае». Падчас мерапрыемства разгледжаны галоўныя пытанні, якія датычацца асноў бяспекі жыццядзейнасці. Начальнік РАНС Павел Талстой акцэнтаваў увагу на важнасці ўменняў і навыкаў паводзін у НС, паколькі людзі часта паддаюцца паніцы, губляюць рэакцыю і самае галоўнае — час і магчымасць выратавання сябе і іншых. Таму важна ведаць правілы паводзін у падобных сітуацыях, у тым ліку да прыбыцця спецыяльных служб.
Удзельнікам семінара даведзены пытанні, якія датычацца электрабяспекі ў побыце і паблізу энергааб’ектаў, захавання правілаў карыстання газам, правілаў прамысловай бяспекі,
эксплуатацыі абсталявання, а таксама пытанні аховы працы, забеспячэння пажарнай бяспекі ў ААТ «Жураўлінае» і стану вытворчага траўматызму ў арганізацыі.
Таксама ўдзельнікаў мерапрыемства азнаёмілі з шэрагам навучальных і інфармацыйных відэаролікаў, падрыхтаваных МНС Беларусі, у якіх расказваецца аб правілах эвакуацыі пры пажарах у кватэры, пад’ездзе, інтэрнаце, гандлёвым цэнтры і г. д.
Асаблівая ўвага надавалася медыцынскаму аспекту, менавіта — прафілактыцы захворванняў. Галоўны ўрач ЦРБ Юрый Юзько акцэнтаваў увагу на важнасці правядзення дыспансерызацыі, своечасовай вакцынацыі насельніцтва, а таксама аказання першай дапамогі пры правядзенні сардэчна-лёгачнай рэанімацыі да прыезду хуткай дапамогі.
Пры падвядзенні вынікаў семінара дырэктар ААТ «Жураўлінае», член Савета Рэспублікі Аляксандр Пішч адзначыў актуальнасць і значнасць такіх сустрэч, паколькі жыццё і здароўе людзей заўсёды на першым месцы, а ўменне правільна дзейнічаць у экстрэмальных сітуацыях — адна з прыярытэтных задач.
Ірына Велясевіч.
Фота Кацярыны Масік