На базе Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы прайшоў абласны турнір па сканвордынгу. Прымалі ўдзел у ім грамадзяне ва ўзросце ад 60 гадоў, якія наведваюць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Брэсцкай вобласці, у тым ліку прадстаўнікі Пружанскага раёна.
Сканвордынг — інтэлектуальная гульня, якая прадугледжвае разгадванне сканвордаў. Гэты занятак дапамагае чалавеку падтрымліваць разумовую актыўнасць, развіваць эрудыцыю, узбагачаць слоўнікавы запас.
У рамках абласнога турніру было арганізавана правядзенне трох гульнявых выпрабаванняў з нарастаннем ступені складанасці сканвордаў. Прэтэндэнтамі на першае месца сталі восем удзельніц, якія набралі найбольшую колькасць балаў. У ліку фіналістаў аказаліся і нашы ўдзельніцы — наведвальніцы аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Пружанскага ТЦСАН Галіна Локцева, Алена Шалёнкіна, Вера Дажына (на здымку). Пераможцам турніру стала Алена Шалёнкіна, якая была ўзнагароджана дыпломам I ступені і памятным падарункам.
Усе ўдзельніцы нашай каманды таксама атрымалі падарункі на памяць. Віншуем усіх удзельніц з чарговымі дасягненнямі! Жадаем новых перамог, спадарожнай удачы і ўпэўненасці ў сваіх сілах!
Алена Смірнова, спецыяліст па сацыяльнай рабоце Пружанскага ТЦСАН