Пятница, 14 февраля 2025

Навазасімавіцкая дзіцячая школа мастацтваў адзначае 25-гадовы юбілей. Падрыхтавалі фотарэпартаж з узорнай установы

779

На нядаўняй цырымоніі “Дараванне-2020” неаднаразова гучала назва Навазасімавіцкай дзіцячай школы мастацтваў. Некалькі дзясяткаў выхаванцаў установы разам з педагогамі і бацькамі падымалася на сцэну, каб атрымаць запаветны дыплом — знак прызнання плённай сумеснай працы і, безумоўна, таленту.


У гэтым годзе ўзорная музычная “кузня” дараванняў адзначыць сваё 25-годдзе. Журналісты “раёнкі” вырашылі паглядзець, як яна рыхтуецца сустракаць свой юбілей.

Музычны “штаб”
У тым, што школа размяшчаецца ў тыпавым будынку былога штаба адной з вайсковых часцей, якія дыслацыраваліся ў свой час у гарнізоне, ёсць свая чароўнасць. Сімвалічна, калі ў кабінетах, дзе калісьці прымаліся лёсавызначальныя рашэнні і чыталіся сакрэтныя загады, цяпер гучыць музыка. Скрыпкі, фартэпіяна, цымбалы — лепшы рапарт свету пра мір.
Дадаюць утульнасці і старыя драўляныя прыступкі, якія яшчэ памятаюць выразныя афіцэрскія крокі… Сёння па лесвіцы бегаюць туды-сюды шчаслівыя дзеці. Калісьці такой раскошы ў нас, дзяцей вайскоўцаў, не было. Пра сваю музычную школу мы маглі толькі марыць. Самыя настойлівыя некалькі разоў на тыдзень ездзілі ў Пружаны на заняткі. Астатнія так і засталіся — з добрым музыкальным слыхам, але без годнай музычнай адукацыі…
Зусім іншая справа цяпер.

Гаспадыня школы
Ідзём знаёміцца з дырэктарам установы, каб пачуць інфармацыю з першых вуснаў. Застаём Марыну Леанідаўну Кузьміч у кранальны момант: разам з сястрой-двайняткай, якая працуе побач, жанчына разглядае памятны фотаальбом школы, дзе захоўваюцца здымкі сяброў — музыкантаў з іншых устаноў раёна і нават вобласці, якія прыязджалі з канцэртамі ў Новыя Засімавічы.

Ансамбль акардэаністаў з Брэсцкай філармоніі “Акцэнт”, узорны аркестр народных інструментаў “Скамарошына”, народны ансамбль “Пружанскі палацык” і многія іншыя…

Ірына Гуц і яе вучаніца Жасмін Гусмінская вучаць новы твор.


Гучыць званок — і Ірына Леанідаўна спяшаецца на ўрок. А мы застаёмся гутарыць з дырэктарам аб мінуўшчыне… Сёлета споўніцца сем гадоў, як ураджэнка г.Ляхавічы ўзначаліла Навазасімавіцкую школу мастацтваў.
Як аказалася, уся яе сям’я, увесь род — педагогі-музыканты. Баяністы, акардэаністы, цымбалісты, трубачы, якія, дарэчы, з задавальненнем прыязджаюць на Пружаншчыну на фестывалі “Музычны калейдаскоп” і “Пружанскі блюз” і складаюць годную канкурэнцыю раённым артыстам.
— Колькі сябе памятаю, у нас у сям’і заўсёды размаўлялі пра музыку, — распавядае Марына Леанідаўна. — Яна гучала ў кожным пакоі: Моцарт, Бетховен, Вівальдзі… Акрамя таго, з задавальненнем спявалі народныя песні.
Музычная сцежка была нам з сястрой наканавана з дзяцінства. Па заканчэнні Баранавіцкага музычнага вучылішча ў 1990 годзе трапілі на Пружаншчыну. Так 30 гадоў тут і музіцыруем: спачатку — у Пружанах, а зараз – у Новых Засімавічах. І дапамагаюць нам у гэтым годныя калегі.

Узорны калектыў

Настаўніца Таццяна Яўстраценка дапамагае Ксеніі Вольскай вучыць новы твор.


— Шчыруем у поўнай гармоніі, як нотка з ноткай, зладжана і плённа, — сцвярджае кіраўнік, у падпарадкаванні якога сёння працуюць дванаццаць настаўнікаў, тры з іх — канцэртмайстры.

Музіцыруе канцэртмайстар Таццяна Камянюк.


— Людзі выдатныя, таленавітыя, сумленныя, якія любяць сваю справу! Невыпадкова на базе нашай школы праводзіліся навучальныя семінары па класах скрыпкі, фартэпіяна, цымбалаў і па музычна-тэарэтычных дысцыплінах. Я ўсім педагогам вельмі ўдзячна!
— Калі сюды прыйшла, у мяне не было вопыту адміністратара. Спачатку было складана, але падначаленыя мяне падтрымалі. Мы — сапраўдная каманда. Я цаню кожнага педагога. І сама стараюся быць для іх прыкладам. Ніколі не патрабую ад калегаў таго, чаго сама не ўмею рабіць. Мэта ў нас адна — якаснае выхаванне сямідзесяці юных музыкантаў і спевакоў.

Юная скрыпачка Вікторыя Калюта з настаўніцай Дзінай Сідаравай.


Характэрна, што сёння ў Навазасімавіцкай школе мастацтваў навучанне вядзецца па сямі спецыяльнасцях. Ёсць аддзяленні фартэпіяна, а таксама народных (баян, акардэон, домра, цымбалы) і струнных інструментаў. Узмоцнена развіваецца напрамак вакальна-харавога выканальніцтва. Вынікі плённай працы дэманструюцца на адкрытых сумесных канцэртах як для выхаванцаў ДШМ, так і для навучэнцаў Параслянскай сярэдняй школы і іх бацькоў.
— Удзел у такіх канцэртах настаўнікаў павышае прэстыж нашай прафесіі, а таксама дазваляе захаваць кантынгент вучняў. Мы ні аднаму дзіцяці не адмаўляем. Наша мэта — вывесці кожнага юнага музыканта на сцэну. Акрамя таго, вядзём пастаянную працу па прафесійнай арыентацыі дзяцей. У прыватнасці, супрацоўнічаем з Брэсцкімі і Баранавіцкім музычнымі каледжамі. Стараемся дапамагчы адораным вучням трапіць на конкурсы і фестывалі. Гэта прыемна і дзецям, і бацькам.

Настаўніца сальфеджыа Юлія Макаранка з выхаванцамі.

Годныя вучні
— Канцэртная, конкурсная і фестывальная дзейнасць — любімы від заняткаў нашых дзяцей, паколькі традыцыйна высокія вынікі на конкурсах — лепшая для іх матывацыя ў вучобе. Наш цымбальны ансамбль “Спатканне”, домравы ансамбль “Сябрукі”, “Арт-трыа”, скрыпічны ансамбль “Экспромт”, домравы дуэт “Гарэзныя струны” неаднаразова станавіліся лаўрэатамі і дыпламантамі прэстыжных рэгіянальных, абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных конкурсаў, такіх як “#BYFEST”, “Белавежская зорка”, “Мы разам”, “Millennium” і многіх іншых.
— Якасць адукацыі, разнастайнасць напрамкаў навучання, высокапрафесійны калектыў і, вядома ж, добрая аснашчанасць музычным інструментарыем — галоўныя складнікі іміджу нашай школы, — сцвяр-джае Марына Леанідаўна і запрашае на экскурсію па ўтульных і светлых класах, сцены якіх упрыгожаны дыпломамі і фотаздымкамі выдатнікаў і выпускнікоў.

Настройвае домру Наталля Младзёнава.

Музычны “парк”
— Мы закупілі лічбавае піяніна “Ямаха”, мікрафоны для эстраднага аддзялення, узмацняльнікі, — пералічвае кіраўнік. – Толькі за мінулае паўгоддзе ўжо набылі дзве скрыпкі, фартэпіяна, эксклюзіўную канцэртную домру, вырабленую пінскім майстрам. Таксама з’явіліся новыя чахлы для домры і цымбалаў, так неабходныя нам, асабліва падчас выязных канцэртаў. Штогод, дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, у нашай школе павялічваецца колькасць музычных інструментаў. Прыемна, калі нашу працу цэняць і стараюцца заўсёды ісці нам насустрач… Аднак і нам ёсць пра што марыць. Хацелася б у перспектыве адкрыць у школе мастацкае і духавое аддзяленні, а таксама клас ударных інструментаў, каб яшчэ больш зацікавіць дзяцей, асабліва хлопчыкаў, якіх у нас меншасць. Марым сустрэць юбілей школы з велізарным аркестрам!
Алеся Смайлік. Фота аўтара.