У сацыяльна-педагагічным цэнтры, што ў пасёлку Сонечны, прайшоў навагодні ранішнік. Выхаванцы разам са сваімі педагогамі наладзілі сапраўднае свята, у якім прынялі ўдзел і шматлікія госці.
Разам з дзеткамі харавод вадзілі старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, яго намеснік Руслан Супрыновіч, першы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама Яна Стэльмашук, прадстаўнікі раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, аддзела прымусовага выканання, вузла паштовай сувязі, нават дэсантнікі. Было вельмі прыемна бачыць як радуюцца дзеткі, якія вымушаны часова жыць у сацыяльным прытулку.
Усе яны атрымалі шматлікія падарункі ад гасцей, а таксама ад тых, хто адклікнуўся на іх пажаданні. Акрамя свайго ўласнага падарунка, Міхаіл Грышкевіч уручыў кожнаму выхаванцу падарункі, сабраныя на «Ёлцы жаданняў» у гарадскім універмагу. Міхаіл Міхайлавіч павіншаваў усіх, асабліва дзетак, з надыходзячымі святамі, пажадаў добрых усмешак, здароўя і дабрабыту.
Падарункі, сабраныя падчас акцый, праведзеных паштовымі работнікамі, уручыла начальнік участка РВПС Таццяна Ільяшэвіч.
Дырэктар СПЦ Аксана Марчук падзякавала ўсім, хто змог падарыць дзецям свята і прыемныя сюрпрызы. Кожны атрымаў навагодні сувенір, які сваімі рукамі зрабілі выхаванцы з дапамогай выхавацеляў.
Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік