У калейдаскопе навагодніх і калядных мерапрыемстваў у Пружанах і раёне дакладна можна было згубіцца — іх прайшло сапраўды шмат. Але шоу ад ДЮСШ № 2 заслугоўвае асаблівай увагі. Спартсмены гэтай установы імкнуцца здзіўляць і дарыць радасць на працягу ўсяго года. Што да лядовага шоу, якое на гэты раз назвалі «Новы год на лёдзе», то яно стала цудоўным святочным падарункам не толькі для пружанскіх балельшчыкаў, але і для ўсіх без выключэння.

Фігурнае катанне — той від спорту, якім па праве славіцца другая спартыўная школа. Мінулы сезон у пружанскіх фігурыстаў быў плённым і паспяховым. Нядрэнна складваецца і чарговы. У тым ліку для Юліі Покала, якая адкрыла лядовае шоу. Затым на арэне з’явіліся Дзед Мароз і Снягурка, яны ж Марк Богдан і Ульяна Хадаровіч. Дзе яшчэ, калі не ў Лядовым палацы, вы ўбачыце гэтых казачных персанажаў на каньках? Менавіта зімовыя чараўнікі сталі вядучымі шоу. Яны павіншавалі гледачоў са святамі і саступілі арэну мінскаму шоу барабаншчыкаў «Перцы».

З гэтымі гучнымі і яркімі (у чым можна было ўпэўніцца падчас выступлення) хлопцамі некаторыя пружанцы пазнаёміліся яшчэ на мінулагодняй «Ружанскай браме». Але трэба сказаць, што на гэты раз выступленне гасцей, якія і сталі тым самым «цвіком» праграмы, было абсалютна новым. Даешся дзіву, як у руках музыкантаў барабанныя палачкі пераўтвараюцца ў зігзагі святла. І калі гучную музыку на працягу доўгага часу слухаць надакучвае, то паўгадзіннага выступлення «Перцаў» мне, як і іншым гледачам, было нават мала. Нядзіўна, што і ў Лядовым палацы, як і ў Ружанах, выхад гасцей выклікаў шчырае захапленне гледачоў і, як вынік, шквал апладысментаў.

Напал эмоцый яшчэ больш падагрэў хакейны матч, які стаў наступнай часткай шоу. На лёд у гэты вечар выйшлі зборныя «Авангард» і «Легіён». Першая каманда прадстаўляла Пружаны, у яе ўвайшлі, можна сказаць, мэтры пружанскага хакея Аляксандр Кудраўцаў, Дзмітрый Нагорны, Валерый Папоў, Ілья Ільяшэвіч, Дзмітрый Клімавец, Павел Літус і іншыя. У складзе «Легіёна» гулялі госці з суседняга абласнога цэнтра — Гродна. Гульня атрымалася цікавай і захапляльнай. Нашы хлопцы адразу ўзялі ініцыятыву ў свае рукі. На перапынак пасля першага перыяду сыходзілі лідарамі — 4:1. І гэтае лідарства змаглі захаваць па выніках матча — 9:4.

Дарэчы, пра перапынкі паміж таймамі. Падчас іх гледачам таксама не давалі сумаваць. Дзед Мароз са Снягуркай наладзілі сапраўдны танцавальны флэшмоб. Былі танцы і ад удзельніц чарлідынгу — дзяўчат з каляровымі пампонамі на руках, якія прадстаўлялі РФСК «Мухавец». Былі і песні ад удзельніц вакальных студый, многія з гэтых дзяўчат займаюцца яшчэ і ў секцыях ДЮСШ № 2 г. Пружаны. Спяваў і галоўны зімовы чараўнік.

Закрыла шоу шыкоўнае выступленне фігурысткі Соф’і Здановіч. Пасля было многа фотаздымкаў з казачнымі персанажамі, хакеістамі і побач з навагодняй інсталяцыяй на ўваходзе ў Лядовы палац. Верым, што і новы 2023-ці год стане паспяховым і абавязкова пераможным для мясцовых спартсменаў.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара
Фотаальбомы з навагодняга шоу: https://vk.com/album-23306785_290403076 і https://ok.ru/budni/album/952897506952