Навагоднія святы ў самым разгары. У нейкім сэнсе цыкл навагодніх мерапрыемстваў — гэта «свята жывата». Наперадзе доўгія выхадныя, калі хочацца добра адпачыць і пагуляць. У момант весялосці мала хто думае аб сваім арганізме, якому даводзіцца зусім нялёгка. Таму раю прыслухацца да парад доктара-валеолага ЦРБ Алены Крачко.
— Алена Міхайлаўна, як правільна правесці доўгія выхадныя і не нашкодзіць свайму арганізму?
— Вельмі распаўсюджаная памылка — сядаць за стол галоднымі. Круцішся ўвесь дзень, прыбіраеш, гатуеш стравы. Перакусіць, вядома ж, патрэбна, але ўсе імкнуцца пакінуць «месца» ў страўніку для святочнай трапезы. Раім загадзя падрыхтаваць арганізм да надзвычайнай нагрузкі: раніцай з’есці кашу, пажадана аўсяную, на абед — гарачы суп, на вячэру — прыкладна ў шэсць-сем вечара — што-небудзь лёгкае, напрыклад, зялёную салат з курыцай.
— А зараз пра святочную вячэру «пасля першай зоркі». З чаго трэба пачынаць?
— Галоўнае — не ешце ўсё запар: салату, запраўленую маянэзам, бульбу, смажанае мяса, вэнджаніну з вострай карэйскай морквай і наборам прысмакаў на дэсерт. Гэта можа дрэнна скончыцца, і падстраўнікавая залоза вам не скажа «дзякуй». З гарачых страў выберыце толькі тое, ад чаго не зможаце адмовіцца. Пажадана, каб разам з гарачым на стол былі пададзены зеляніна і агародніна ў вялікай колькасці. Менавіта зеляніна стымулюе работу стрававальных залоз і паляпшае засваенне мяса і іншых бялковых прадуктаў.
— Што лепш за ўсё дапамагае засваенню гарачых і халодных страў?
— Гэтаму таксама спрыяе зялёны чай без цукру, які трэба піць у перапынках паміж прыёмамі ежы. А тым, хто звык пачынаць трапезу з халодных закусак, мы рэкамендуем прыгатаваць салаты з морапрадуктаў і зеляніны. Выкарыстоўвайце ў якасці запраўкі натуральны ёгурт, малатлустую смятану, цытрусавы сок або аліўкавы алей. Клятчатка зніжае пачуццё голаду, а морапрадукты малакаларыйныя, багатыя крыніцай бялку. Гэта дапамагае не пераядаць і падчас святаў не набраць лішнюю вагу.
— Ці ўсе стравы карысныя? На што трэба звярнуць увагу?
— Улічыце, што не ўсе агароднінныя стравы добра засвойваюцца арганізмам. Не злоўжывайце белакачаннай капустай і фасоллю. У адваротным выпадку не здзіўляйцеся непрыемнаму адчуванню цяжару і ўздуццю жывата. Пажадана выключыць са святочнага меню газаваныя напоі, якія ўзмацняюць тую ж цяжкасць у страўніку, і ежа засвойваецца дрэнна. Таму замяніце газіроўку сокамі ці вадой без газу. Ідэальна падыходзіць для святочнага стала настой шыпшыны і журавінавы морс. Шыпшына валодае невялікім жоўцегонным эфектам, які стымулюе страваванне. У канцы застолля, каб палепшыць работу страўнікава-кішачнага тракту, зноў выпіце свежазавараны чай з лімонам.
— Калі правільна ўжываць фрукты, каб атрымаць ад іх максімальную карысць?
— Многія прывыклі есці садавіну і фруктовыя салаты адразу пасля багатай вячэры або падчас застолля ў якасці дэсерту. Але лепш гэта рабіць на пусты страўнік альбо паміж асноўнымі прыёмамі ежы, у якасці перакусу. Раслінная клятчатка заглушыць пачуццё голаду, а фруктовыя кіслоты дапамогуць актываваць абмен рэчываў. Калі ж страўнік поўны, фруктовая маса ў ім затрымліваецца і паступова пачынае брадзіць. Гэта не толькі змяншае каштоўнасць з’едзенага прадукта, але і прыводзіць да масы непрыемных адчуванняў у выглядзе пякоткі, уздуцця жывата і бяссонніцы.
— Лепшыя пажаданні на вялікія выхадныя ад доктара-валеолага.
— Не варта сядзець доўга каля тэлевізара, а больш рухацца. Самы лепшы вольны час, вядома ж, на прыродзе, на дачы, дзе ёсць магчымасць пагуляць і нацешыцца загараднай атмасферай. Танцы, асабліва на свежым паветры, напаўняюць энергіяй, падымаюць настрой і выдатна пазбаўляюць ад лішніх кілаграмаў. Цудоўнага ўсім адпачынку, яркіх эмоцый і незабыўных сустрэч. Будзьце здаровыя і шчаслівыя!
Гутарыла Ірына Велясевіч