Среда, 15 января 2025

Навагодні сезон адкрыты! У Пружанах запалілі агеньчыкі на галоўнай ёлцы горада (+многа фота і відэарэпартаж)

1 176

Не спяшайцеся пагадзіцца з тымі, хто лічыць, што Новы год – выключна дзіцячае свята. Чароўнага часу з нецярпеннем чакаюць і дарослыя. Яны таксама загадваюць жаданні, а яшчэ з радасцю водзяць карагоды, танцуюць і весяляцца. Упэўніцца ў гэтым можна было ў мінулую нядзелю на цэнтральнай плошчы Пружан. Тут адбылося яркае і прыгожае свята запальвання агеньчыкаў на галоўнай ёлцы, якое на гэты раз мела інтрыгуючую назву «Новы, GO!».

Чаму сёлета цырымонію вырашылі назваць менавіта так, вядучыя Ганна Жук і Алёна Жмайлік патлумачылі ў самым яе пачатку. Справа ў тым, што на гэты раз культработнікі адышлі ад фармату традыцыйнай пастаноўкі (хоць без казачных персанажаў, вядома, не абышлося), а падрыхтавалі шмат конкурсаў і забаў.

Адкрылі свята ўдзельнікі ансамбляў «Спадчына» і «Круцёлачкі», якія вырашылі заклікаць зіму і маразы з дапамогай танцавальнага нумара «Мяцеліца». Як пасля высветлілася, гэта атрымалася на «выдатна»: дождж са снегам так і наравілі сапсаваць святочны настрой, але пружанцы не думалі разыходзіцца.

Тым больш, што на плошчы з’явіліся Дзяды Маразы і Снягуркі. Другі год запар у Пружанах не праводзіцца любімы многімі парад гэтых казачных персанажаў, але ж круг гонару вакол ёлкі ніхто не адмяняў! Разам з галоўнымі зімовымі чараўнікамі яго зрабілі таксама Ёлачка, Снежныя каралевы, некалькі Тыграў – сімвалаў надыходзячага года – і многія іншыя.

Затым пачалася інтэрактыўная праграма. Першая гульня, у якую з непадробным азартам уключыліся і дарослыя, і малыя – «Навагодняе лато». На экране з’яўляліся малюнкі і асобы, з якімі звязаны пэўныя лічбы. Напрыклад, пад партрэтам Юрыя Гагарына зашыфравалі лічбу 61 – год палёту ў космас.

Пасля невялікага музычнага блока вядучыя аб’явілі яшчэ адну латарэю. Цяпер трэба было ўспомніць радок з любой навагодняй песні і праспяваць яго. 20 шчасліўчыкаў, якія рабілі гэта гучней за іншых, атрымалі канверты з радкамі вядомых навагодніх кампазіцый. З іх трэба было сабраць куплет песні. Хутчэй за іншых склалася песня «Раскажы, Снягурка, дзе была». Дзяўчаты, якія справіліся з заданнем, пакінулі сцэну не з пустымі рукамі.

Узбадзёраныя конкурсамі пружанцы выстраіліся ў навагодні карагод, а салісты Палаца культуры сваімі спевамі імкнуліся стварыць навагоднюю атмасферу, нягледзячы на капрызы надвор’я.

А што з запальваннем агеньчыкаў на ёлцы? Як аказалася, вакол яе спачатку сваволілі Баба Яга з «заклятай сяброўкай» Васілісай Прамудрай, а Дзядуля Мароз спазняўся. Кіраваць працэдурай даручылі ўнучцы зімовага чараўніка. Што толькі ні прадпрымала Снягурка: і ласкава прасіла ёлачку заззяць, і палівала яе вадою, і разам з пружанцамі дзьмула на сімвал свята паўднёвым ветрыкам. Нічога не атрымалася! Ёлка капрызнічала, казала, што ёй дрэнна, холадна, што яна гатова страціць прытомнасць і ўвогуле ў яе каранавірус… Словам, без галоўнага Дзядулі Мароза было проста не абысціся. Але чараўнік быў заняты, ён здымаў відэа ў TikTok і з’явіўся на цэнтральнай плошчы толькі пасля таго, як пружанцы станцавалі пад яго новыя тварэнні. А яшчэ патлумачыў, што па дарозе на свята зрабіў прышчэпку ад кавіду і параіў пружанцам узяць з яго прыклад.

У выніку Баба Яга і Васіліса папрасілі прабачэння за свае жарты, Дзед Мароз тройчы стукнуў чароўным посахам, пасля чаго заззялі не толькі агеньчыкі на ёлцы, але і ўключылася ўся ілюмінацыя на цэнтральнай плошчы.

Такую падзею госці свята сустрэлі апладысментамі. Пасля многія адправіліся гуляць, аглядаць алею, якая вядзе да Белых лавак, святочныя ёлачкі каля ЦТДМ… Навагоднімі агнямі зноў будзе радаваць не толькі цэнтральная плошча, але і многія адміністрацыйныя будынкі горада і раёна. Пастараюцца не адставаць і сельскія населеныя пункты. Таму чараўніцтва павінна хапіць усім. Тым больш, што навагодні сезон толькі пачынаецца.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік

Больш здымкаў: https://vk.com/album-23306785_281932253