Суббота, 14 декабря 2024

Натхнёны кіраўнік — самабытны ансамбль. Валянціна Іскаліева і яе «Спадчына»

527

Народны ансамбль танца «Спадчына» Пружанскага гарадскога Палаца культуры на працягу 44 гадоў радуе горад і яго гасцей выдатна падрыхтаванымі мастацкімі нумарамі. За плячыма танцавальнага калектыву насычанае творчае жыццё, шматлікія гастролі, дасягненні на міжнародных конкурсах. Словам, яскравая і непаўторная гісторыя…

Мастацкі кіраўнік народнага ансмабля танца «Спадчына» Валянціна Іванаўна Іскаліева.

Сёлета «Спадчына» была прызнана пераможцам штогадовага спаборніцтва за дасягненне лепшых вынікаў у сацыяльна-эканамічным развіцці раёна ў 2022 годзе і занесена на Дошку гонару Пружаншчыны. Вядома, любы калектыў дасягае поспеху толькі на чале з рашучым, дзейным кіраўніком. Да ліку такіх асоб з выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі можна аднесці Валянціну Іскаліеву, якая кіруе ансамблем амаль з пачатку яго ўтварэння.

Першыя «па»


Валя была любіміцай у кампаніі моладзі. Дзяўчынку запрашалі на канцэртныя мерапрыемствы, а на вяселлях яна была амаль галоўнай зоркай. Усё таму, што добра танцавала. З-за працы бацькоў-ваенных прыходзілася часта пераязджаць, але, нягледзячы на «жыццё на колах», Валя не кідала свайго захаплення.

— У Ружанах Нэлі Архіпаўна Несцерава, якая вяла танцавальны гурток у Доме афіцэраў, паставіла мяне «да станка», — паглыбляецца ва ўспаміны Валянціна Іванаўна. — А свой першы танец я паставіла ў пятым класе. Гэта быў карагод «Бярозка», з якім мы ездзілі выступаць у Пружаны.

Пасля заканчэння васьмі класаў Валянціна паступіла ў Мінскае харэаграфічнае вучылішча, хаця конкурс быў вельмі сур’ёзны. На жаль, дзяўчына не атрымала дыплом гэтай установы: пасля двух гадоў вучобы трапіла ў бальніцу. Дактары сказалі, што фізічныя нагрузкі супрацьпаказаны. Абдумаўшы ўсе рызыкі, сям’я прыйшла да высновы, што здароўе важнейшае, і неўзабаве дзяўчына пакінула сталіцу.

— Пайшла вучыцца ў Ружанскую вячэрнюю школу. Маімі новымі аднакласнікамі сталі дарослыя людзі, але гэта не бянтэжыла. Неяк адразу я ўладкавалася на працу ў Калазубскі клуб мастацкім кіраўніком. Мяне захапіла творчасць, я зразумела, што больш і шукаць нічога не стану — буду танцаваць! — кажа Валянціна Іскаліева.

Шчырае захапленне танцамі перадалося і дачцэ Аксане Ільюшонак, якая з’яўляецца кіраўніком узорнага ансамбля танца «Круцёлачкі». Танцуюць і чатыры ўнукі. А вось старэйшы сын Валянціны Іванаўны Дзмітрый пайшоў па іншым шляху, хаця ў дзяцінстве таксама крыху «прытанцоўваў».

Завод, прасякнуты мастацтвам


Танцавальны калектыў «Спадчына» быў створаны на базе прафсаюзнага камітэта Пружанскага завода радыёдэталяў. Тады харэограф Васіль Пілюцік згуртаваў вакол сябе работнікаў прадпрыемства, улюбёных у народны танец. 

У тыя часы на завод толькі-толькі ўладкавалася Валянціна Іскаліева (сям’я пераехала ў райцэнтр) і адразу запісалася ў шэрагі танцораў. Праз год першы кіраўнік «Спадчыны» памяняў месца жыхарства, і ансамбль узначаліла Валянціна Іванаўна.

— Як нам дапамагаў радыёзавод! Кіраўніцтва падтрымлівала ўсе нашы ініцыятывы, выдзяляла грошы, у тым ліку на набыццё касцюмаў (шчыра кажучы, многімі з іх, купленымі ў тыя часы, мы карыстаемся і цяпер — што значыць якасць!), — расказвае жанчына. — Наша рэпетыцыйная зала спачатку змяшчалася ў цэху. А калі пабудавалі інтэрнат, мы пераехалі да новых станкоў.

На той момант Пружанскі завод радыёдэталяў быў філіялам сталічнага прадпрыемства. І па ўсім СССР такіх філіялаў было даволі многа.

— У 1987 годзе я вырашыла звярнуцца ў Маскву з прапановай арганізаваць для самадзейных калектываў з усіх заводаў фестываль творчасці. Ідэю падтрымалі, а мяне, як ініцыятара, зрабілі старшынёй журы, — кажа жанчына.

На фестывалі, прымеркаваным да 70-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, вядома, выступала «Спадчына», але Валянціна Іскаліева прывезла ў сталіцу СССР і малодшае пакаленне — танцавальны калектыў «Усмешка». Майстэрства пружанцаў было адзначана на самым высокім узроўні.

У 1991 годзе ансамбль атрымаў ганаровае званне «народны», а ў 1996-м базай яго дзейнасці стаў Пружанскі гарадскі Дом культуры.

Насычанае гастрольнае жыццё


Першы выезд за мяжу адбыўся ў 1984 годзе. Тады частка танцораў са «Спадчыны» разам з пружанскім танцавальным калектывам «Завіруха» наведала Чэхаславакію. Артысты з «Завірухі» ў другой палове 80-х актыўна гастралявалі: былі ў Польшчы, Балгарыі, Іспаніі. А аднойчы папрасілі «Спадчыну» падмяніць іх на свяце Купалля ў польскай Белавежы.

Такі вопыт спадабаўся «спадчыннікам», і пасля паспяховага выступлення Валянціна Іванаўна задалася мэтай: «Пара і майму калектыву пабачыць свет».

— Дык што ж я раблю для гэтага? Сама еду ў Польшчу, каб наладзіць культурнае супрацоўніцтва. Да мяжы мяне даставілі — далей спадзявайся на сябе. Пачала «галасаваць», хутка спыніўся ветлівы мужычок з пытаннем: «Куды пані хцэ?» — «Мне да бліжэйшага дома культуры», — адказваю. Амаль у прыцемках дабраліся мы да Гайнаўкі (гарадок, як наш раённы цэнтр). Ох і здзівіла іх маё з’яўленне! Прынялі вельмі гасцінна, дырэктар адразу пагадзіўся на маю авантуру, але з адной умовай: каб першымі ў госці прыехалі яны, — узгадвае неўтаймаваны кіраўнік. — У той жа вечар я пазнаёмілася з пані Ганнай, якая была кіраўніком гайнаўскага танцавальнага калектыву «Перапёлка». Пасля яна ставіла сумесныя нумары для нашых танцораў. Менавіта Ганна стварыла для нас паланэз, з якім «Спадчына» выступае да гэтага часу. Мяняюцца людзі, імкліва бяжыць час, але гэты танец я трапятліва захоўваю, у тым ліку як памяць аб нашым сяброўстве…

У хуткім часе палякі прыехалі на Пружаншчыну. Танцоры давалі сумесныя канцэрты па раёне, іх паўсюль цёпла сустракалі.

Потым надышла чарга «Спадчыны». Ансамбль заўважылі. Пружанскія артысты прымалі ўдзел у вельмі маштабных мерапрыемствах.

— У студзені 2020 года нас запрасілі на міжнародны конкурс у Карпаты, у якім прымалі ўдзел калектывы з пяці краін. «Спадчына» была адзіным прадстаўніком Беларусі, таму мы адчувалі сур’ёзную адказнасць, але, нягледзячы на перажыванні, прывезлі з конкурсу дыплом першай ступені, — усміхаецца Валянціна Іванаўна.

Чым жыве «Спадчына» зараз?

«Спадчына» — гэта цэлыя пакаленні артыстаў, аб’яднаныя любімай справай. У ансамблі займаюцца рознаўзроставыя танцоры, але гэта не перашкаджае стварэнню мастацкіх нумароў.

— Малодшыя адчуваюць адказнасць, калі танцуюць з дарослымі, гэта іх дысцыплінуе, — дзеліцца назіраннямі кіраўнік. — За столькі год стварыўся пэўны «касцяк» людзей, на якіх можна разлічваць. Гэта Іван Якута з доследнай станцыі, электрык са льнозавода Аляксандр Паўлоўскі, па першым звароце дапаможа і Дзяніс Падсадны. Яны з маленькага займаліся ў мяне танцамі.

Над пастаноўкай новых нумароў Валянціна Іскаліева ў апошні час працуе сумесна з дачкой Аксанай. Жанчына кажа, што часам ідэя танца сама ўзнікае ў галаве. Ёсць у стварэнні новага і момант нагледжанасці, калі пабачыў цікавы элемент, напрыклад, па тэлевізары і захаваў у памяці. Але часцей падказвае музыка — нараджае вобразы і рухі.

— А вось наш першы і самы знакаміты нумар «Пружанскія гульні» — візітоўка калектыву — быў створаны Васілём Міхайлавічам Пілюцікам на аснове мясцовага фальклору. Ён у свой час паездзіў па раёне, назбіраў матэрыял і стварыў гэты шэдэўр, — кажа танцорка.

З вясны ў Валянціны Іскаліевай з‘явіўся памочнік: харэограф ДШМ Ілья Кандратовіч падцягвае мужчынскую тэхніку. Па словах Валянціны Іванаўны, з прыходам маладога кіраўніка калектыў стаў больш багата глядзецца.

— Мы самадзейны ансамбль, а значыць, рады ўсім. Паўтара месяца таму, напрыклад, да нас прыйшла 25-гадовая дзяўчына-юрыст. Шчырая любоў да танца, сістэмная праца — і вось яна ўжо выступае на першых канцэртах. Калі ёсць жаданне — усё атрымаецца, — упэўнена жанчына. — Бывае, што ў чалавека шыкоўныя дадзеныя, але талент губіць лянота. Бывае наадварот: неідэальнае цела кампенсуецца грунтоўнай работай, якую чалавек штодзень праводзіць над сабой і дасягае выдатных вынікаў.

Перад кіраўніком стаіць фундаментальная задача — захоўваць калектыў, ствараць камфортны мікраклімат у творчай групе. Каб дасягнуць згуртаванасці, Валянціна Іскаліева карыстаецца наступным дэвізам: з кожнага па магчымасці.

— Я моцна даражу людзьмі, не ламаю, каб не пагубіць. Трэба развіваць патэнцыял кожнага, усім удзяляць увагу. Чалавек павінен разумець, што ён патрэбны, — кажа яна.

25 жніўня народны ансамбль танца «Спадчына» дасць свой сольны канцэрт на цэнтральнай гарадской плошчы. Мэта артыстам ужо пастаўлена: здзівіць гледачоў якасным выкананнем нумароў.

— А як жа інакш? Мы заўсёды працуем для людзей. А калі бачыш шчырую ўдзячнасць, чуеш прыемныя словы, зноў хочацца бегчы ў рэпетыцыйную залу…

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік і з архіву Валянціны Іскаліевай