Класік сцвярджаў, што ўсе шчаслівыя сем’і падобныя адна да адной і кожная няшчасная сям’я няшчасна па-свойму. Але мне здаецца, што гэтае выказванне Льва Талстога наколькі зразумелае, настолькі ж і супярэчлівае. Ужо колькі сустракалася з сямейнымі парамі, столькі пераконвалася: у кожнай сям’і свае каштоўнасці, сваё разуменне шчасця. Героям чарговага артыкула для шчасця дастаткова проста быць разам.
Гісторыя сям’і Давідзенка з Ружан пачалася зусім не з рамантычнай гісторыі кахання. Як расказваюць самі Наталля і Вячаслаў, усё пачыналася дастаткова банальна: жылі ў суседніх вёсках (яна — з Паўлава, ён — з Бярэзніцы), з дзяцінства ведалі адзін аднаго, вучыліся ў адной школе, хадзілі ў адзін клуб на танцы і неяк выпадкова зразумелі, што з’яўляюцца дзвюма палавінкамі аднаго цэлага.
— Прыйшоў з арміі, працаваў вадзіцелем у мясцовай гаспадарцы, — успамінае глава сям’і. — Па рабоце даводзілася мець зносіны з Наташынай мамай, заязджаць да іх дамоў. Напэўна, тады і звярнуў увагу на сімпатычную маладзенькую дзяўчыну. Паўтара года сябравалі, перш чым прапанаваў ёй выйсці за мяне замуж.
З таго часу, як Наталля і Вячаслаў сталі сям’ёй, прайшло ўжо 23 гады. Сёння Давідзенкі выхоўваюць трох дзетак, якіх лічаць сваім галоўным багаццем. Пра кожнага з іх расказваюць з пяшчотай і непадробнай бацькоўскай любоўю.
— Нашаму першынцу Ільі 21 год — ужо дарослы хлопец. Літаральна тыдзень таму яшчэ гасціў у нас, але ўжо вярнуўся на вучобу.
Сыну, які праяўляў асаблівую цікаўнасць да тэхнікі і ў той жа час марыў стаць ваенным, бацькі далі магчымасць зрабіць выбар самастойна. Так Ілья апынуўся ў Санкт-Пецярбургскай ваенна-касмічнай акадэміі, дзе чацвёрты год навучаецца даволі рэдкай і цікавай прафесіі: малады чалавек будзе інжынерам сувязяў па кіраванні касмічнымі комплексамі. Як і ў школьныя гады, курсант паспявае не толькі добра вучыцца, але і весці цікавае грамадскае жыццё: піша тэксты і музыку для песень, з уласнымі музычнымі кампазіцыямі выступае на разнастайных конкурсах (нядаўна адстойваў гонар акадэміі на конкурсе ў Маскве)…
Гаваркі пяцікласнік Ваня расказвае пра сябе сам:
— У мяне захапленняў шмат: вучуся ў Дзіцячай школе мастацтваў, хаджу ў нядзельную школу, займаюся ў Цэнтры культуры і вольнага часу, удзельнічаю ў розных мерапрыемствах (напрыклад, быў задзейнічаны падчас урачыстай рэгістрацыі шлюбу, якая праходзіла на пасялковай плошчы ў дзень правядзення «Ружанскай брамы»). Але перавагу ўсё-такі аддаю футболу.
Маленькі футбаліст у складзе школьнай каманды ўжо выступаў на спаборніцтвах у Слоніме, Камянцы, Івацэвічах. Ведаючы пра любоў малодшага брата да спорту, Ілья падарыў яму на Новы год футбольную форму з нумарам 7, пад якім гуляе адзін з самых любімых яго футбалістаў Крышціяну Раналду.
Пакуль размаўлялі з Ванем, са школы прыбегла трэцякласніца Вераніка. На першы погляд, сціплая дзяўчынка, як і яе старэйшыя браты, мае дастаткова шырокае кола інтарэсаў: таксама цікавіцца музыкай, вучыцца вакалу, ходзіць на танцы.
Усебаковая развітасць дзяцей, бясспрэчна, заслуга іх бацькоў. У паўсядзённай руціне хатніх клопатаў Наталля і Вячаслаў заўсёды знаходзяць час і для экскурсій. Іх геаграфія не абмяжоўваецца не тое што межамі Брэстчыны, але і Беларусі ўвогуле. Рэканструкцыя пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Брэсцкай крэпасці, гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна», комплекс на Курскай дузе, аквапарк у Харкаве, святкаванне Дня перамогі ў Піцеры — вось невялікі спіс месцаў, куды Давідзенкі іншы раз спантанна накіроўваліся ўсёй сям’ёй. І гэта не лічачы актыўнага адпачынку на прыродзе, якому не могуць перашкодзіць нават навальніцы і снегапады. Яшчэ і аднакласнікаў, і сяброў сваіх дзяцей з сабой запрашаюць на актыўны адпачынак.
— Выязджаць на ўлонне прыроды на Дзень Перамогі — гэта ўжо традыцыя. Летам ездзім з начоўкай на Паперню, на Зельву… Некалькі гадоў таму ў адзін момант надумалі ехаць на Чорнае мора ў Адэсу, — расказвае Наталля.
Адным словам, актыўнасці гэтай сям’і не пазычаць. Летась, заручыўшыся падтрымкай мясцовай улады і культработнікаў, Давідзенкі арганізавалі для землякоў Купалле — свята, якое ўжо шмат гадоў не праводзілася ў Паўлаве. Праз пару месяцаў сталі пераможцамі раённага конкурсу «Здаровая сям’я».
Сямейныя, маральна-духоўныя каштоўнасці, працавітасць муж і жонка Давідзенкі выхоўваюць у дзяцей яшчэ і ўласным прыкладам. Як і належыць увішным гаспадарам, іх сядзіба ў цэнтры Ружан заўсёды дагледжаная, прыгожая: альтанка, мангал, арыгінальная лаўка (яна, дарэчы, зроблена яшчэ ў 19 стагоддзі Наташынымі продкамі), кветнікі — усё сваімі рукамі.
— Усё рабіць — і працаваць, і адпачываць — трэба разам, — лічыць жанчына. — Дом, у якім сёння жывём, даводзілі да ладу разам, двор добраўпарадкоўвалі таксама, ды і хатнія клопаты сёння вырашаем агулам.
У чым сакрэт шчасця гэтай сямейнай пары? Як запэўніваюць самі нашы суразмоўцы, у элементарных рэчах — у разуменні і ўзаемапавазе.
— У жыцці ўсякае здараецца. Але, калі хочаш жыць шчасліва, абавязкова знойдзеш сваю ўласную формулу.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).