Вторник, 18 марта 2025

Насычаным выдаўся снежань у пружанскіх фігурыстаў

370

Своеасаблівы калядны падарунак зрабіў Лядовы палац для аматараў фігурнага катання. У суботу і нядзелю на пружанскім лёдзе праходзілі рэспубліканскія спаборніцтвы «Трафей Белай вежы» і адкрытае першынство ДЮСШ №2 «Белавежская пушча».

Калі другі турнір добра вядомы ў Пружанах і ўжо традыцыйны, то «Трафей Белай вежы» наш Лядовы палац прымаў упершыню. Удзельнікамі абодвух спаборніцтваў сталі каля 100 фігурыстаў, якія прыехалі ў Пружаны са сталіцы, Брэста, Івацэвічаў, Вілейкі і Гомеля. На арэну на працягу двух дзён выходзілі як кандыдаты ў майстры спорту, так і навічкі.

Пружанскую ДЮСШ № 2 на адкрытым першынстве «Белавежская пушча» прадстаўляла Ксенія Жукоўская. Яна выступала ў другім юнацкім разрадзе. Падкрэслім, што ўдзельнікі гэтых спаборніцтваў каталі толькі кароткую праграму, а ў адным разрадзе з пружанскай спартсменкай выступала Людміла Жукава з Казахстана. Выступленне нашай Ксеніі арбітры ацанілі ў 25,94 бала, гэта чацвёртае выніковае месца.

На лёдзе Крысціна Валасюк.

Даволі паспяховым для пружанскай каманды стаў «Трафей Белай вежы». Двойчы фігурысткам удалося узняцца на вышэйшую прыступку п’едэстала. Так, Злата Амельянюк стала першай у катэгорыі майстроў спорту. У малодшай групе другога спартыўнага разраду не было роўных нашай Крысціне Валасюк. У скарбонцы ёсць таксама сярэбраны медаль, яго заваявала Соф’я Здановіч, бронза — ва Уладзіславы Чахоўскай. Абедзве спартсменкі выступалі ў разрадзе КМС. Зусім крыху не хапіла да медаля ў гэтым жа разрадзе Юліі Покала — чацвёртае месца.

Тыднем раней, з 15 па 18 снежня, пружанскія фігурысткі змагаліся за званне мацнейшых на самым важным старце сезона, падчас якога спартсмены пацвярджаюць сваё прафесійнае майстэрства, — чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь.

За Брэсцкую вобласць выступалі Мілана Рамашова, Ганна Калінка, Злата Амельянюк і Васіль Барахоўскі. Усе спартсмены, што прымалі ўдзел ў чэмпіянаце, выступалі ў катэгорыі майстроў спорту і сапернічалі з мацнейшымі спартсменамі нашай краіны.

Выступае Васіль Барахоўскі.

Найлепшы вынік на гэтых спаборніцтвах паказаў Васіль Барахоўскі — больш за 204 балы за кароткую і адвольную праграмы і заслужаная сярэбраная ўзнагарода! Цяжка не пагадзіцца з галоўным трэнерам зборнай Беларусі па фігурным катанні Алегам Васільевым, які ў інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 5» адзначыў, што Вася — не проста хлопчык, які добра катаецца, а сур’ёзны спартсмен, які ў далейшым прэтэндуе на добрыя вынікі.

У ТОП-5 сярод дзяўчат увайшла наша Злата Амельянюк. Па выніках двух пракатаў яна набрала больш за 157 балаў.

Таксама ў снежні пружанскія фігурысты выступалі ў Гродне. На базе гандлёва-забаўляльнага комплексу «Трыніці» адбылося лядовае шоу. Паказальнымі выступленнямі парадавалі Злата Амельянюк, Юлія Пакала, Крысціна Валасюк і Васіль Барахоўскі. Выступленне апошняга пад песню «Канечне, Вася» выклікала сапраўдны фурор.

Апладысменты і ўзнагароды — вынік карпатлівай работы і намаганняў трэнераў Вольгі Уважанай, Таццяны Хадаровіч і Юрыя Цішкова.

Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара і з адкрытых крыніц