Яе вучні ўдзельнічаюць і перамагаюць у канферэнцыях і алімпіядах рознага ўзроўню, за некалькі гадоў работы яна паспела ўкараніць шэраг цікавых метадычных распрацовак, а яшчэ піша вершы і нядаўна выпусціла ўласны зборнік. Усё гэта пра аднаго чалавека — настаўніцу рускай мовы і літаратуры Шчарчоўскага ВПК д/с-СШ Марыю Бугаеву. Пра яе мы ўжо расказвалі на старонках газеты. І вось чарговая нагода.

Нядаўна ў Маскве адбыўся першы Еўразійскі медыяфорум журналістаў, літаратараў, блогераў «МОСТ». Двухдзённае мерапрыемства сабрала на адной пляцоўцы ўдзельнікаў з Расіі і Украіны, Паўднёвай Асеціі, Арменіі, Узбекістана, Кыргызстана, Таджыкістана, Казахстана, Бельгіі, Латвіі, Польшчы і Беларусі. Нашу краіну прадстаўлялі тры ўдзельніцы, —журналісткі з Гомеля, а таксама Марыя Бугаева з Пружанскага раёна.
— Каб трапіць на форум, недастаткова аднаго толькі жадання, — дзеліцца Марыя. — Трэба было прайсці своеасаблівы адбор: запоўніць анкету, напісаць матывацыйны ліст, а таксама эсэ на тэму «Уяўныя і лжывыя героі Еўразіі». У сваёй рабоце я расказала пра Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Эсэ ацанілі, дзякуючы чаму трапіла ў лік удзельнікаў міжнароднага мерапрыемства.
Абодва дні форуму былі вельмі прадуктыўнымі і насычанымі. У першы адбыліся шматлікія дыскусіі, удзельнікі пабывалі на майстар-класах і лекцыях, паўдзельнічалі ў круглых сталах. А вось сапраўднай пляцоўкай для творчасці і ўвасаблення новых ідэй стаў другі дзень. У рамках яго ўдзельнікі працавалі ў секцыі. Усё для таго, каб прапанаваць новыя культурныя, літаратурныя і медыйныя праекты.
— Вельмі ўзрадавалася, што на форуме была магчымасць папрацаваць у складзе літаратурнай секцыі. Яе кіраўніком быў адзін з ініцыятараў мерапрыемства, пісьменнік Захар Прылепін. Вынікам нашай работы стала ідэя стварэння Еўразійскага літаратурнага агенцтва, якое дапамагала б маладым творцам, садзейнічала іх духоўнаму і інтэлектуальнаму развіццю, патрыятычнаму выхаванню, — расказала Марыя Бугаева.
Прапановы ўдзельнікаў ацэньвала кампетэнтнае журы, якое ўзначальваў намеснік кіраўніка Россупрацоўніцтва Дзмітрый Паліканаў. Праект агенцтва быў прызнаны лепшым. Больш за тое, творчая майстэрня Захара Прылепіна паабяцала аказваць садзеянне ў рэалізацыі задумы.
Але не толькі абмеркаваннямі і дыскусіямі была напоўнена праграма форуму. Арганізатары ўключылі ў яго блок шматлікіх экскурсій. Гэта і аглядавая па расійскай сталіцы, і наведванне музея Вялікай Айчыннай вайны. А яшчэ Марыя пабывала ў арт-прасторы ГЭС-2. Гэтая лакацыя ўразіла маладога літаратара: тут прадстаўлены шматлікія арт-аб‘екты, якія адлюстроўваюць сучаснае мастацтва — ад авангардных палотнаў да музычных інсталяцый. Пабываць тут Маша раіць кожнаму творчаму і культурнаму чалавеку.

За магчымасць удзелу ў Еўразійскім медыяфоруме Марыя Бугаева вельмі ўдзячна Расійскаму цэнтру культуры і навукі ў Брэсце. Менавіта там расказалі пра гэтае мерапрыемства, параілі падаць заяўку.
— Любы форум — гэта заўсёды новыя магчымасці, новыя знаёмствы, новыя веды, — кажа Марыя. — На форуме «МОСТ» сабраліся вядомыя прадстаўнікі літаратурна-журналісцкай грамадскасці. Прыемна, што гутарка адбывалася на роўных. Спікеры былі рады нашым пытанням, заўсёды імкнуліся патлумачыць незразумелае, дапамагчы. А галоўнае — накіраваць, падказаць, куды рухацца ў вялікай творчай плыні.
У настаўніцы Шчарчоўскага ВПК Марыі Бугаевай яшчэ многа задум — як прафесійных, так і творчых. Жадаем, каб усё, што запланавана, абавязкова ажыццявілася!
Уладзіслаў Шпарла. Фота з асабістага архіва Марыі Бугаевай