Суббота, 12 октября 2024

У раённага прафсаюза настаўнікаў новы старшыня

563

Справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі прайшла ў мінулую пятніцу на базе сярэдняй школы № 1 г. Пружаны імя Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі.

Удзел у мерапрыемстве прыняў 61 дэлегат, сярод прысутных былі старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Іван Васіленка, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Ірына Казарэз, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук, старшыня раённага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Іван Сачэўка.

Акрамя справаздач за пяцігадовы перыяд дзейнасці галіновага прафсаюза і рэвізійнай камісіі, на парадак дня было вынесена некалькі важных пытанняў, сярод якіх абранне новага прэзідыума, намесніка і старшыні галіновага прафсаюза.

Дэлегаты пастанавілі прызнаць работу прафсаюза за 5-гадовы перыяд здавальняючай. Новым намеснікам старшыні стаў Юрый Жырынок, настаўнік дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 5 г. Пружаны». А самай галоўнай падзеяй мерапрыемства стала абранне новага старшыні прафсаюза, ім стала Ірына Казарэз. У сваю чаргу ўсе прысутныя падзякавалі гучнымі і працяглымі авацыямі Івану Сачэўку за вялізную і плённую працу.

Ну а скончылася мерапрыемства на ўрачыстай ноце: заслужаным прафсаюзным работнікам былі ўручаны граматы і падзякі ад абласнога і раённага галіновага прафсаюза, а таксама ад раённага аб’яднання прафсаюзаў.

Руслан Басак

Фота аўтара

Фотаальбомы з мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_304314861 і https://ok.ru/budni/album/983736340872