Понедельник, 16 сентября 2024

Настаўнікі раёна атрымалі заслужаныя ўзнагароды і прымалі музычныя віншаванні ад Улады і Яўгена Цымбаліста

617

Настаўнік адчыняе нам дзверы ў грамадства, крок за крокам, па маленькіх цаглінках будуе нашу будучыню і дапамагае нам спазнаць саміх сябе. Правільна кажуць, што гэта не прафесія, а прызванне. У гэтай сферы не працуюць «выпадковыя» людзі, бо праца педагога патрабуе ўнікальнай аддачы, майстэрства і мужнасці.

30 верасня ў гарадскім Палацы культуры прайшоў урачысты канцэрт, прысвечаны Дню настаўніка. На мерапрыемстве прысутнічалі старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук, начальнік аддзела па адукацыі Пружанскага райвыканкама Ірына Казарэз, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Іван Сачэўка.

На святочны канцэрт сабраліся людзі ўсіх узростаў: і маладыя спецыялісты, і прафесіяналы педагагічнай працы, і заслужаныя ветэраны. Кіраўніцтва раёна для кожнага з іх знайшло словы падзякі і віншавання, а самыя лепшыя настаўнікі былі ўзнагароджаны граматамі.

Каб канцэрт атрымаўся сапраўды адметным і яркім, у госці запрасілі зорак беларускай эстрады — Уладу і Яўгена Цымбаліста. Яны кранальна павіншавалі настаўнікаў з прафесійным святам і падарылі ім цудоўныя музычныя кампазіцыі.

Веды, якія педагог дае дзіцяці, з’яўляюцца бясцэнным багажом на ўсё жыццё. Усе мы ў свой час атрымалі галоўныя жыццёвыя ўрокі: урокі дабра, прыстойнасці, сумленнасці, любові да Радзімы. Роля настаўніка ў развіцці грамадства заўсёды была надзвычайна важнай. Менавіта яны ствараюць нашу агульную будучыню, таму праца настаўніка з’яўляецца адной з самых важных і высакародных на зямлі.

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы з канцэрта: https://ok.ru/budni/album/948120790664 і https://vk.com/album-23306785_287082116