Воскресенье, 20 апреля 2025

Настаўнікі на пенсіі Іван і Вольга Краўчукі абзавяліся ўласнай дачай у Жадзенах і пасадзілі… ўласны лес!

776

Напачатку кастрычніка работнікі МНС праводзілі ў раёне прафілактычны рэйд, у якім прымалі ўдзел і нашы карэспандэнты. У вёсцы Жадзены рэйдавая група завітала на прыгожа ўладкаваную сядзібу. Гасцей сустрэла ветлівая гаспадыня, з якой хутка завязалася размова. Неўзабаве прагучала пытанне: «А ў грыбы куды ходзіце?». «Ды нікуды не хаджу… Вось, у сваім ляску збіраю!». Пасля гэтага адказу стала зразумела, што мы сюды вернемся…

Былых настаўнікаў не бывае

Калі ў другі раз прыехалі ў гэты дом, то пазнаёміліся і з гаспадаром. І высветлілася, што мы трапілі ў госці да паважаных у раёне людзей. Іван Уладзіміравіч і Вольга Уладзіміраўна Краўчукі — былыя настаўнікі, і іх «педагагічную выпраўку» ні з чым нельга пераблытаць.

Іван Краўчук — па спецыяльнасці настаўнік нямецкай мовы, паўстагоддзя працаваў на ніве адукацыі: у Вялікім Сяле, Папялёве, Галенах, Клепачах, Новых Засімавічах. 15 гадоў — настаўнікам, 30 — дырэктарам школы, пяць — начальнікам аддзела адукацыі. Пра кожнае працоўнае месца знайшліся і добрыя словы, і цёплыя ўспаміны…

— Вось цікавая старонка з маёй біяграфіі, — пачынае Іван Уладзіміравіч. — Ганаруся тым, што ў Папялёве я стварыў клуб інтэрнацыянальнай дружбы. Ён быў вядомы ва ўсёй вобласці. Журналісты — вашы калегі з Брэста, — не верылі, што ў сельскай школе, у глушы, можна арганізаваць такую бурную дзейнасць. Мае вучні перапісваліся з жыхарамі Берліна. Я наладзіў сувязі з газетай «Trommel» («Барабан») — так называўся ў ГДР аналаг нашай «Пионерской правды». Атрымалася захапіць вучняў 5-6 класаў. Дзеці чыталі, перакладалі, проста «па вушы» завісалі ў газеце… На адрас Папялёўскай школы пісала лісты нават жонка Дзіна Рыда — знакамітага амерыканскага спевака, якая таксама была настаўніцай. Нам дасылалі пасылкі з рознымі рэчамі, у тым ліку жавальнымі гумкамі, якія ў СССР тады былі дзівам дзіўным, — усміхаецца педагог.

Менавіта ў Папялёве Іван Уладзіміравіч сустрэў сваю будучую жонку. У той час яна працавала загадчыцай Дома культуры.

— Уявіце сабе: вёска, шмат моладзі, буйныя дыскатэкі. Са шматлікай колькасці статных хлопцаў, што круціліся вакол Вольгі, яна выбрала мяне, простага маладога настаўніка, — кажа суразмоўца, а Вольга Уладзіміраўна ў гэты час сціпла ўсміхаецца.

Пара ўзяла шлюб у 1980 годзе ў вёсцы Галены. На той момант яны ўжо працавалі ў адной установе адукацыі: муж заняў пасаду дырэктара школы, жонка стала настаўніцай пачатковых класаў.

— Я сваім вучням заўсёды казала: «Дзеці, жыццё не любіць гультаёў!». Часта нагадвала, што проста так поспех з неба не падае, — узгадвае Вольга Уладзіміраўна.

А Іван Уладзіміравіч вучыў дзяцей любіць сваю малую радзіму, менавіта з гэтага пачынаецца сапраўдны патрыятызм. І калі вучні пыталі настаўніка, якую песню выканаць на чарговым канцэрце, ён нязменна называў «Бацькоўскі дом»…

Узорная дача

Зараз Краўчукі на пенсіі, але сумаваць і ленавацца ім няма калі. Жывуць яны ў Новых Засімавічах, але кожны дзень наведваюць дачу ў Жадзенах. 15 гадоў таму сям’я купіла тут дом з закінутым участкам і вырашыла «акультурыць» мясцовасць.

На пытанне, ці не страшна было пачынаць літаральна з нуля, гаспадыня адказвае:

— Не, ды і смешная адлегласць ад дома зрабіла сваю справу. Мы любім, усё жыццё працавалі. Я адразу занялася градкамі, а муж пачаў арганізоўваць зону для адпачынку. Ён захапіўся ідэяй стварыць нешта незвычайнае, так мы пасадзілі… лес.

Кожны год на дачным участку з‘яўляліся новыя дрэвы. Цяпер ва ўласным парку растуць бярозы, елкі, рабіны, лістоўніцы, веймутавыя і звычайныя хвоі…

— Увогуле на Новы год наша сям’я забяспечана жывымі елкамі, вось вам яшчэ адна прычына мець уласны лес, — жартуе Іван Уладзіміравіч.

Апроч усяго іншага, тут растуць грыбы: махавікі, маслякі, апенькі, падбярозавікі. У альтанцы сушацца лекавыя расліны: шыпшына, глог, мята, рамонак. Вырошчваюць на ўчастку і ягады: у чэрвені сям’я прадае клубніцы, у жніўні-верасні здае маліну. Гаспадары яшчэ і курачак гадуюць.

— Маем свой калодзеж, свідравіну і цікавую пабудову яшчэ даваеннага часу. Дах не захаваўся, але сцены — з сапраўдных валуноў. Мы, калі толькі купілі гэтую зямлю, знаходзілі шмат патронаў, манет часоў Айчыннай вайны, — кажа Вольга Уладзіміраўна.

— Зараз там іншыя «снарады»: слоікі шкляныя з закруткамі! Гэта ж не жанчына, а цудазавод, — жартуе гаспадар.

«Прырода лечыць»

Усё, што мы пабачылі на дачным участку, зроблена Іванам Уладзіміравічам. Розныя гаспадарчыя пабудовы ўзводзіліся самастойна, кожнае дрэва пасаджана яго рукамі.

А яшчэ Краўчукі вырасцілі дзвюх дачок, цяпер маюць трох ўнукаў і адзіную ўнучку! Дачка Крысціна — урач, жыве ў Гомелі, Васіліна засталася на малой радзіме, працуе ў Пружанскім сельвыканкаме, але, як і бацькі, мае педагагічную адукацыю.

Зацікавіла прыгожае імя Васіліна. Пытаюся, чаму такі незвычайны выбар?

— Усё проста. Неяк разам мы глядзелі фільм «Трэмбіта», тамадну з галоўных гераінь так звалі, — са шчырай усмешкай кажа Вольга Уладзіміраўна.

— З Крысцінай іншая гісторыя. Дачка нарадзілася, калі я быў дырэктарам школы ў Новых Засімавічах. Узяў спіс першакласнікаў, паглядзеў на імёны дзяўчынак і абраў самае папулярнае ў вёсцы, — узгадвае Іван Уладзіміравіч.

На завяршэнне сустрэчы карэспандэнты атрымалі ад гаспадароў цудоўныя гронкі вінаграду і… важную жыццёвую мудрасць.

— Бывае, нешта забаліць ці настрой раптам сапсуецца. Тады прыязджаеш сюды, ходзіш па гэтых закутках — і ўсё дзівосным чынам праходзіць. Прырода лечыць, трэба быць бліжэй да яе — зрабіў выснову гаспадар.

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік