Суббота, 13 декабря 2025

Настаўнікі, матулі і мясцовыя таленты трапілі ў ТОП у кастрычніку

625

Так атрымалася, што на старонках «раёнкі» мы не расказалі пра тое, якія матэрыялы сталі самымі папулярнымі ў вэб-прасторы ў верасні. Кастрычнік абмінаць не будзем. Скажам адразу: у лідарах матэрыялы і навіны пра матуль, настаўнікаў і творчых людзей.

Пачнём агляд з сацсетак. Безумоўным фаварытам па колькасці «лайкаў» «УКантакце» стаў пост з інфармацыяй пра ўручэнне падарункаў і паштовак ад старшыні райвыканкама матулям, якія знаходзяцца ў раддоме. Гэтая ж навіна займае першы радок ТОПа на budni.by.

Больш за 175 «класаў» у «Аднакласніках» набраў відэаролік з пладовага саду ААТ «Ружаны-Агра». Што да матэрыялаў з сайта, то найбольш упадабалі падпісчыкі гэтай сацсеткі аповед пра вакальны гурт «Каханачка» Ліноўскага СДК — амаль 80 «класаў».

Матэрыялы да Дня работнікаў культуры карысталіся папулярнасцю на Facebook. Пальма першынства тут — у інтэрв’ю з начальнікам аддзела культуры райвыканкама, якое было прымеркавана акурат да свята. А нашым падпісчыкам у Instagram больш за іншыя спадабаліся фотаздымкі з калегіі Міністэрства культуры ў Ружанах.

Звернемся да месенджараў. Наш канал у Telegram перасягнуў адзнаку ў 800 падпісчыкаў! Найбольшую колькасць праглядаў тут сабрала паведамленне пра тое, што члены ваенна-патрыятычнага клуба «За Радзіму» з Пружан паўдзельнічалі ў рэканструкцыі ў Івацэвіцкім раёне. Другое месца — у навіны пра выхад у фінал «MILK FEST-2022» кліпа малочнага камбіната «Краіна малака». Дарэчы, паведамленне пра перамогу ў фінале набрала найбольшую колькасць рэакцый (матэрыял пра Наталлю Феранец хутка чытайце на старонках газеты). Замыкае тройку лідараў тут пост-фотафакт з кірмашу «Пружанская восень».

Навіны пра перамогі любяць падпісчыкі канала ў Viber. Самай папулярнай па колькасці рэакцый тут стала паведамленне пра гран-пры — узнагароду малочнага камбіната. На другім — пра перамогу «Пружанскіх кітоў» у гульні з кобрынскай «Бонай». Трэцяе месца ў фотафакта з канцэрта, прысвечанага Дню маці, у Палацы культуры.

І, нарэшце, сам сайт. Пра матэрыял-лідар па праглядах вы ўжо ведаеце. На другім радку — інтэрв’ю з новым начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргеем Глушко. Трэцяе месца займае рэпартаж з «круглага стала» да Дня маці з удзелам Міхаіла Грышкевіча. На чацвёртым — партрэтны нарыс пра настаўніцу Віялету Пугач. Замыкае наш ТОП-5 рэпартаж са свята-кірмашу «Пружанская восень».

Вось такім атрымаўся кастрычнік для «раёнкі» ў інтэрнэт-прасторы. Якім будзе лістападаўскі ТОП — залежыць ад вас. Падпісвайцеся на электронныя рэсурсы «Раённых будняў» і не забывайцеся пра традыцыйную друкаваную версію, тым больш што падпісная кампанія на першае паўгоддзе 2023-га стартавала!

Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла