У мінулы чацвер Кіраўнік краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка сабраў нараду па пытаннях удасканалення адукацыйнай сферы. Сярод запрошаных на яе была і прадстаўніца нашага раёна, выкладчык хіміі сярэдняй школы № 5 г. Пружаны, Наталля Карпыза.
Ужо больш за 20 гадоў Наталля Мікалаеўна працуе ў пятай школе. За гэты прамежак часу адбылося нямала змен у адукацыйнай сістэме, да якіх давялося адаптавацца. Цяпер перад усёй адукацыйнай сістэмай паўсталі новыя пытанні, якія агучылі на нарадзе з Прэзідэнтам. Цікава было з першых вуснаў пачуць, што на ёй абмяркоўвалася і якія пытанні ўзнімаліся.
Але спачатку зацікавіла: як на нараду такога высокага ўзроўню трапіла настаўніца з Пружанскага раёна?
— Я і сама да канца не разумею, як, — усміхаецца Наталля Карпыза. — Хутчэй за ўсё асноўным фактарам сталі дасягненні маіх вучняў у мінулым навучальным годзе. На розных этапах рэспубліканскай алім-піяды па хіміі яны заваявалі дзевяць дыпломаў. Наогул мінулы навучальны год быў вельмі плённым для маіх вучняў. Ды і дзеці ў мяне падабраліся асаблівыя. Яны зацікаўлены ў тым, каб не толькі засвоіць цалкам школьны матэрыял, але нават зазірнуць ва ўніверсітэцкую праграму. Дзякуючы гэтаму Антон Варанко і Анастасія Дацук заваявалі дыпломы на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Таму лічу, што менавіта мае вучні далі мне магчымасць убачыць на свае вочы Прэзідэнта, а таксама прыняць удзел у абмеркаванні важных пытанняў адукацыйнай праграмы.
Як расказала Наталля Мікалаеўна, нарада праходзіла ў Палацы Незалежнасці.
— Ён вельмі ўразіў мяне сваёй прыгажосцю, — прызнаецца жанчына. — Я разумела, якога ўзроўню асобы будуць прысутнічаць на сустрэчы, гэта прымушала перажываць і хвалявацца яшчэ мацней. Перад нарадай мы сустрэліся з міністрам адукацыі. Асноўнымі пытаннямі, якія абмяркоўваліся, былі гатоўнасць да новага навучальнага года, сістэма атэстацыі за курс сярэдняй школы і паступленне ў ВНУ, а таксама харчаванне школьнікаў.
Зразумела, асноўнае пытанне, якое хвалюе школьнікаў і іх бацькоў, гэта выніковая атэстацыя. У гэтым годзе яна не зменіцца, за выключэннем з’яўлення заданняў пятага ўзроўню. А вось у далейшым магчыма замена цэнтралізаванага тэсціравання на ўнутраны экзамен у ВНУ, у якую будзе паступаць выпускнік.
— Што тычыцца харчавання, то новы праект прадугледжвае значныя змены на карысць дзяцей, — адзначыла Наталля Карпыза.
Наталля Мікалаеўна працягвае развівацца ў сваёй прафесіі. Яе вопыт і прыклад сталі натхненнем для калег і вучняў. Дзякуючы такім настаўнікам, як яна, наша адукацыя становіцца больш моцнай і якаснай.
Руслан Басак. Фота Кацярыны Масік