А вы ведаеце, што некалі прафесія педагога была выключна мужчынскай? Але неўзабаве прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва ў гэтай справе ўпэўнена «пацяснілі» мужчын і за кароткі час прафесія ў літаральным сэнсе набыла жаночы твар.
Наша сённяшняя гутарка – з настаўніцай матэматыкі і інфарматыкі СШ №1 Вікторыяй Сямашка.
— Як Вы прыйшлі да выбару прафесіі?
— У дзясятым класе я ведала, што буду не проста педагогам, але менавіта настаўніцай матэматыкі. У гэты час я перайшла з Велікасельскай школы ў СШ №4 г.Пружаны. Пражывала ў інтэрнаце, а ў родную вёску ездзіла на выхадныя. Матэматыку – прадмет, які мне лёгка даваўся, – у нас стала выкладаць Ірына Мікалаеўна Мышленік. Урокі ў яе былі вельмі цікавымі. Дарэчы, у сваёй практыцы я і сёння выкарыстоўваю некаторыя методыкі, якія “падгледзела” ў яе.
Да таго ж, мне заўсёды лёгка было ладзіць з дзецьмі. У нейкі момант я падумала: можа, мне варта набыць інжынерную спецыяльнасць? Але пасля нядоўгіх ваганняў вырашыла ад мары не адступаць.
—Як праходзіла падрыхтоўка да паступлення?
— Трэба было здаваць адну з дзяржаўных моў, фізіку і матэматыку. Па большай частцы я рыхтавалася самастойна. У школе была выдатна наладжана сістэма падрыхтоўкі старша-класнікаў, а я не прапускала ніводнага факультатыўнага занятку.
Крышачку крыўдна, што, каб трапіць на платнае навучанне на фізіка-матэматычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, дастаткова было набраць каля 80 балаў (у 2020-м годзе — ужо 206). Атрымліваецца, што мне для паступлення хапала нават балаў атэстата, калі б можна было паступаць без вынікаў ЦТ.
— Чым запомнілася вучоба?
— Вучоба была складанай. Не ўсе здолелі давучыцца да атрымання дыплома. Трэба мець гэта на ўвазе. Сапраўды, прахадныя балы тут не надта высокія, але калі вы не надта добра засвойваеце школьную праграму, то лепш ад ідэі паступлення на фізмат адмовіцца адразу.
А наогул наш факультэт вельмі «жывы». Мы многа кансультаваліся з выкладчыкамі ў сацыяльных сетках, прычым у любы час сутак. Таксама было многа практычных заняткаў, а актыўнасць на іх заўсёды высока ацэньвалася.
Не ўзнікала ніякіх праблем з праходжаннем практыкі. Можна было выбраць нават брэсцкую школу. Праходзіла мая практыка і ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Дубок”. Цікава, што дзеці з майго атрада сталі і маімі першымі вучнямі ў СШ №1.
З маёй спецыяльнасцю можна ўладкоўвацца працаваць інжынерам-праграмістам, амаль усе юнакі, што вучыліся са мною, так і зрабілі. У школу пайшлі толькі дзяўчаты…
— Што Вам падабаецца ў рабоце, а што не?
— Пачну з другога. Думаю, кожны настаўнік адкажа, што шмат часу адымае вядзенне дакументацыі. Часам засмучаюць дзеці, якія не надта адказна ставяцца да вывучэння прадмета. Я разумею, што мае прадметы спецыфічныя і для іх глыбокага вывучэння неабходны пэўныя здольнасці, але для атрымання добрай адзнакі дастаткова быць уважлівым на ўроку і не ленавацца пры падрыхтоўцы хатняга задання. Усё астатняе, у тым ліку заработная плата, мяне задавальняе.
А вось асабіста я люблю працаваць з тымі дзецьмі, якія імкнуцца да атрымання новых ведаў. Сёлета мая вучаніца Ірына Курусь заняла першае месца на раённай алімпіядзе па матэматыцы, а яе даследчая работа стала другой у вобласці.
Люблю, калі вучні мяне здзіўляюць. Пры падрыхтоўцы дадатковых заданняў так і кажу ім: “Хто мяне здзівіць – атрымае “дзясятку”.
Таксама я вяду гурток робататэхнікі. Дарэчы, наш STEAM-клас значна абнавіўся, і дзеці займаюцца там з вялікім задавальненнем. У гэтай частцы работы падабаецца тое, што мне самой многа даводзіцца вывучаць новы матэрыял, наведваць курсы і хакатоны (гэта форум для распрацоўшчыкаў, падчас якога спецыялісты з розных абласцей распрацоўкі праграмнага забеспячэння разам вырашаюць якую-небудзь праблему на хуткасць).
— Каму б Вы параілі абіраць такую спецыяльнасць?
— Вясёлым, энергічным, кемлівым, цікаўным. Калі ў цябе няма такіх якасцей, то ты наўрад ці станеш добрым настаўнікам.
Гутарыла Кацярына Пашкевіч.
Фота Кацярыны Масік.