Хто з нас у дзяцінстве не гуляў у школу? Яна — таксама. Калі была зусім маленькай, рассаджвала сваіх лялек, клала перад імі сшыткі і ручкі, “навучала” чытанню і пісьму. У якасці класнай дошкі выкарыстоўвала шафу, на якой крэйдай выпісвала літары і матэматычныя задачкі. Пасля “ўрока” выцірала яе і збірала “работы” на праверку. Мама на дачку не крычала, а, наадварот, толькі падтрымлівала. Можа, таму і прыхільнасць да настаўніцтва ў Алены Віктараўны Саліванавай з часам толькі ўзрастала? Зараз яна – настаўніца пачатковых класаў Зеляневіцкага ВПК д/с-БШ, дзе працуе ўжо больш за 20 гадоў.

— У наш час аўтарытэт педагога быў вельмі вялікі. Прыкладам сапраўднага настаўніка для мяне, тады яшчэ вучаніцы Манчыцкай школы, якая, на жаль, закрылася, з’яўлялася настаўніца англійскай мовы Наталля Рыгораўна Бялова. Яна выдатна ведала свой прадмет, была вельмі актыўным і ў нечым нават незвычайным чалавекам. Думаю, што нейкія яе якасці перадаліся і мне, — дзеліцца Алена Віктараўна.
Пасля школы яна паступіла ў Баранавіцкі дзяржаўны вышэйшы педагагічны каледж, дзе атрымала любімую прафесію. Па размеркаванні трапіла ў Зеляневічы. Цяперашні вучэбна-педагагічны комплекс тады меў статус сярэдняй школы. Зразумела, што і вучняў было намнога больш.
Цяпер Алена Віктараўна – класны кіраўнік другога класа. У ім навучаецца ўсяго чатыры вучні – два хлопчыкі і столькі ж дзяўчынак, усе дзеці сябруюць паміж сабой.
Настаўніца падкрэслівае, што ў невялікім класе працаваць падабаецца: дастаткова часу знаходзіцца для кожнага вучня. Гэта вельмі важна, паколькі некаторым дзеткам вучоба даецца даволі цяжка. Менавіта таму зараз Алена Віктараўна асвойвае прафесію дэфектолага, завочна вучыцца ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
Акрамя таго, ужо больш за сем гадоў настаўніца адказвае за сацыяльную работу ў школе: наведвае сем’і, праводзіць тлумачальныя гутаркі з бацькамі. Такая праца дапамагае і ў выхаванні сваіх дзяцей, а іх у настаўніцы двое. Старэйшая Анастасія — ужо студэнтка, а малодшая Васілінка – пакуль другакласніца.
Адметна, што праз увесь настаўніцкі шлях побач з Аленай Віктараўнай ідзе беларуская мова. Нашу размову мы таксама вялі па-беларуску.
— Родную мову я вельмі люблю. Павагу да яе выхавалі ў вясковай школе. А цяпер сама з радасцю выкладаю па-беларуску. На жаль, вымушана канстатаваць: апошнім часам нават нашы дзеці, якія жывуць у вёсцы, не разумеюць усіх слоў. Што ўжо гаварыць пра вучняў гарадскіх школ… Каб папоўніць слоўнікавы запас малых, у першым класе я арганізоўвала факультатыўны занятак “Вытокі роднай мовы”. На ім мы вучыліся размаўляць па-беларуску і ганарыцца сваёй мовай. А нядаўна ў школе адсвяткавалі Міжнародны дзень роднай мовы, — расказвае настаўніца.
Падчас размовы з Аленай Віктараўнай заўважыў вельмі важную дэталь. Калі яна казала пра прафесію, яе вочы свяціліся. Такіх шчырых эмоцый не падрабіць.
Настаўніца па-сапраўднаму любіць прафесію і вучняў. Яны адказваюць ёй тым жа: нават калі выпускаюцца з пачатковай школы, цікавяцца справамі або проста абдымаюць пры сустрэчы. Алена Віктараўна прызнаецца: ад гэтага вельмі светла на душы, якая, дзякуючы дзецям, застаецца маладой заўсёды.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара.