Понедельник, 14 сентября 2026

Нашым мілым і непаўторным прысвячаецца

787

Заўтра ва ўсіх мужчын ёсць магчымасць у чарговы раз выказаць захапленне сваімі самымі чароўнымі і любімымі палавінкамі, засыпаць іх пахучымі кветкамі. Падстава гэтаму — Міжнародны жаночы дзень.

Прыгажосць выратуе свет. Ніхто і спрачацца не будзе. Нам усім падабаецца назіраць за прыгожым абуджэннем прыроды па вясне, мы з захапленнем можам разглядаць адмысловыя карціны, стараемся знайсці эстэтыку наогул ва ўсім, на што кідаем позірк. Чалавечая натура такая. Хочацца, каб вакол усё цвіло і пахла! Гэта ўсё добра, а калі яшчэ побач з табой тая адна, непараўнаная, самая любімая, каханая, чароўная… жанчына, тады не проста хочацца сузіраць прыгажосць, а самому тварыць, быць заўсёды на вышыні, прыкладам ва ўсім для астатніх, а можа, і элегантным кавалерам. Такія яны, нашы беларусачкі! І ў горы, і ў радасці, і дома, і на працы — самыя шчырыя, адданыя, прыветныя і непаўторныя!

Хто яшчэ, як ні матуля, сястра, жонка, бабуля, зможа супакоіць цябе, сказаць ласкавае слова, падтрымаць у цяжкую мінуту, стаць сапраўдным дарадцам, ніколі не пакінуць у бядзе?! Канечне, толькі яны, заўсёды з адкрытай душой, прыветнай усмешкай, пяшчотай у вачах і мяккімі рукамі! Тое ж і з радасцю, мы раздзяляем з імі свае дасягненні, нясём шчасце толькі ў дом, верым, што для нашых самых-самых важная любая дробязь, якая прыносіць нам задавальненне. Таму кожная з іх заслугоўвае, каб днём усёабдымнай любові было не толькі 8 Сакавіка, каб кветкі бачыла чароўная палова чалавецтва не толькі на святы, а нават без падставы, проста так, у знак павагі, кахання, разумення таго, што без іх ох і цяжка жылося б нам на белым свеце.

Як жа прыемна прыйсці дадому, дзе наведзены ідэальны парадак, цябе чакаюць любімыя і каханыя, дзе можна адпачыць душой і целам, створаны ўсе ўмовы для спакою, развагі, шчасця асабістага і сямейнага! Колькі пазітыву кожнаму бацьку можа даць дачушка-шчабятушка, якая падзеліцца сваімі маленькімі сакрэтамі, проста прытуліцца да цябе — і ўсё, як рукой здымае стомленасць, хочацца як мага больш аддаць ласкі сваёй маленькай гарэзе, папеставаць яе, ахутаць цяплом і замілаваннем. Жонкі нашы, паклон вам за разуменне, вытрымку, бязмежную адданасць, канечне ж, за неймаверна смачныя стравы, калі даводзіцца даволі шмат часу праводзіць каля пліты. Прабачце, дарагія, калі часам крыўдзім незаслужана, адказваем абыякавасцю на вашу шчырасць. Абяцаем, што выправімся і будзем для вас апорай і сцяной, якая абараняе ад халодных вятроў і праліўных дажджоў.

А на працы? У плане шчырых і адказных работніц вельмі пашанцавала ААТ «Ружаны-Агра». Ну, як ты ў сельскай гаспадарцы справішся без жанчын, самых працавітых і сумленных? Усюды патрэбны іх светлыя галовы, разважлівасць, клапатлівыя рукі, мяккае сэрца.

Яны як эканамісты, бухгалтары, аграномы, заатэхнікі проста незаменныя, з усім спраўляюцца, усё ў іх пад кантролем, асабліва што датычыцца грошай, і капейка нікуды не знікне, нам, мужчынам, гэта ўжо вядома. І зямлю любяць, як сваё роднае дзіця, песцяць яе і галубяць. Ужо не гаворачы пра догляд жывёлы.

Гаспадарка мае і кароў, і свіней, і як тут абысціся без жаночых рук і цяпла. Яны з раніцы да вечара шчыруюць на фермах і комплексах, клапоцяцца пра сваіх падапечных, стараюцца заўсёды своечасова падаіць, пакарміць, абавязкова, калі трэба, вылечыць, перажываюць за сваю справу. Тут не кожны мужчына справіцца, а яны нават і не думаюць мяняць месца працы, бо душой прыкіпелі да абранай работы. Вось вам і слабы пол, які можа многае, але не супраць і надзейнага пляча, усё ж такі хочацца час ад часу быць безабароннай, каб прыласкалі і дапамаглі словам і справай.

Сельгаставарыства па праве ганарыцца кожнай работніцай, ці гэта вадзіцель або повар, ці лабарант або палявод. Галоўнае, што яны ў нас ёсць, упрыгожваюць калектыў, прымушаюць заўсёды трымаць сябе ў тонусе. Бо ў такім прыгожым кветніку іначай нельга, самому потым сорамна будзе за сваю абыякавасць і неахайнасць. Стараемся ўсебакова падтрымліваць сваіх прыгажунь, як ветлівым словам, так і грашовымі выплатамі да розных свят, з нагоды нараджэння дзяцей, між іншым, выдзяляем маладым сем’ям добраўпарадкаванае жыллё — жыві і падымай дэмаграфічную сітуацыю ў краіне, нараджай маленькіх дзяўчынак і хлопчыкаў.

Яшчэ хацелася б звярнуцца да ўсіх мужчын. Паважаныя, пастарайцеся дзень 8-га Сакавіка зрабіць яркім і насычаным, павіншаваць сваіх любімых і каханых так, каб вочы іх яшчэ доўга ззялі шчасцем і ўспамін пра свята грэў душу на працягу года.

Андрэй Босак,
дырэктар ААТ «Ружаны-Агра».