7-8 снежня ў Брэсце праходзіла абласная спартакіяда сярод ДЮСШ, СДЮШАР, ЦАР па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат 2009-2010 г.н. За Пружанскую ДЮСШ № 1 выступалі як навучэнцы гэтай школы, так і выпускнікі, якія займаюцца зараз у Брэсцкім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Нашы спартсмены паказалі добры вынік.
Першае месца ў бегу на 400 м заняў Андрэй Літвіновіч. Андрэй таксама не пакінуў шанцаў сваім сапернікам і ў бегу на 800 м, пераадолеўшы дыстанцыю за 2 мінуты 16,18 сек. А ў бегу таксама на 400 м і на 800 м сярод дзяўчат не было роўных нашай зямлячцы Валянціне Патоцкай.
Не мог не парадаваць сваіх трэнераў і ўсіх пружанцаў Анатоль Хоміч. У штурханні ядра ён атрымаў узнагароду вышэйшай пробы.
Але самае цікавае адбывалася ў эстафетах. Андрэй Літвіновіч, Арсеній Казлоўскі і Дзмітрый Цімашэнскі толькі паўтары секунды саступілі сапернікам з Кобрына і занялі другое месца ў эстафеце 600 м +400 м +200 м. У такой жа эстафеце святкавалі перамогу нашы дзяўчаты Валянціна Патоцкая, Юлія Покала і Дар’я Чайкоўская (на здымку). Яны пакінулі сваіх саперніц далёка за спінай і ўзышлі на верхнюю прыступку пастамента.
Рыхтавалі пераможцаў і прызёраў спартакіяды трэнеры ДЮСШ-1 г. Пружаны Сяргей Чайкоўскі, Анастасія Пузанава і Яўген Данцоў.
Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ