У мінулыя выхадныя ў горадзе Мінску прайшоў першы этап адкрытага рэспубліканскага турніру па плаванні «Дзіцячая ліга плавання».
Удзел у спаборніцтвах прыняло больш за 600 дзяцей і падлеткаў з розных рэгіёнаў нашай краіны, а таксама з Расійскай Федэрацыі. Сярод іх былі і выхаванцы СДЮШАР № 2 г. Пружаны.
Нашы плыўцы зноў паказалі сябе з найлепшага боку і дамагліся выдатных вынікаў. У чарговы раз парадавалі выхаванцы трэнера Сяргея Каляды. Так Цімур Дакімовіч заваяваў адразу пяць узнагарод. Тры з іх — сярэбраныя, за 50, 100 м батэрфляем і 50 м брасам. Галоўнай перамогай хлопца стаў медаль залатой вартасці, які Цімур атрымаў на дыстанцыі 100 м брасам. А вось у мнагаборстве яму дастаўся кубак за трэцяе месца. Дзве сярэбраныя ўзнагароды ў сваю скарбонку паклаў Іван Клімук. Абедзве былі заваяваны ў стылі брас на 50 і 100 метрах. Наша спартсменка Ганна Мацвяйчук двойчы паднялася на трэцюю прыступку п’едэстала, паказаўшы добры вынік на 100 метрах батэрфляем і ў вольным стылі. У сваю чаргу — Яўген Бойка паказаў трэці вынік на дыстанцыі 100 м на спіне, а Ігнат Падгурскі заваяваў серабро на 50 метрах вольным стылем.
Неверагодныя вынікі на вадзе паказала выхаванка трэнера Паўла Барана — Варвара Лукуць. Дзяўчынка засталася непераможанай ва ўсіх дысцыплінах, у якіх спаборнічала. Але яшчэ большым поспехам стала тое, што спартсменка паставіла на ўсіх дыстанцыях яшчэ і рэкорды «Дзіцячай лігі плавання» на «доўгай вадзе» для дзяцей не старэйшых за сем гадоў! Ну, а дадатковай перамогай для Варвары стаў трафей за першае месца ў мнагаборстве.
Жадаем нашым плыўцам, каб і далей працягвалі ўдасканальваць свае навыкі, паказваючы на розных спаборніцтвах самыя высокія вынікі.
Руслан Басак. Фота прадастаўлена трэнерам Сяргеем Калядой