Воскресенье, 19 января 2025

Нашы чытачы зноў звяртаюць увагу на стан дарог, на гэты раз — у Шарашэва

1 013

Актыўная ўдзельніца адной з папулярных сацыяльных сетак звярнулася па дапамогу праз Інтэрнэт. Уся справа ў дарожным пакрыцці, якое на некаторых вуліцах у г.п. Шарашэва (у прыватнасці, Новай і Бараннікава) пакідае жадаць лепшага.

У паведамленні было ўказана, што дарогі знаходзяцца ў аварыйным стане з-за ўмоў надвор’я. У цёмны час сутак, пры дрэннай бачнасці, кіроўцы спрабуюць аб’ехаць ямкі, але калі ў гэты момант па краі дарогі рухаецца пешаход, гэта можа прывесці да непрыемных наступстваў.

Выконваючы абавязкі старшыні Шарашэўскага сельвыканкама Святлана Амельянец тлумачыць:

— Праблемы на гэтых вуліцах узнікаюць пры ліўневых дажджах і раставанні снегу. У сухое надвор’е на дарогу ніхто не скардзіцца. Каб пазбегнуць праблем, праводзіцца грэйдзіраванне, але, як мы бачым, яно дае кароткачасовы эфект.

Ці плануецца праводзіць іншыя рамонтныя работы на гэтых участках? З такім пытаннем мы звярнуліся да начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела КУВП «Камунальнік» Галіны Гардзей.

— Наша прадпрыемства накіравала ў райвыканкам прапанову аб уключэнні шэрага аб‘ектаў у план уладкавання асфальтабетоннага пакрыцця вулічна-дарожнай сеткі ў г.п. Шарашэва на 2025-2026 гады. У тым ліку ў яго ўвайшлі вуліцы Новая і Бараннікава. Далей усё залежыць ад таго, ці выдзеляць нам грашовыя сродкі на правядзенне работ.

Даведацца пра больш падрабязную інфармацыю вырашылі ў намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Гука. Сяргей Міхайлавіч паведаміў: у гарадскім пасёлку Шарашэва плануецца комплекснае добраўпарадкаванне вуліц, у тым ліку і асфальтаванне. Гэтыя работы ўключаны ў рэспубліканскую праграму па добраўпарадкаванні з плануемым правядзеннем у 2025 годзе. Але гэта толькі папярэдняя дата. Усё залежыць ад фінансавання, якое адбываецца не з раённага бюджэту.

Падрыхтаваў Руслан Басак.

Фота падпісчыцы