Асновы здаровага ладу жыцця, як і патрыятызм, неабходна прывіваць з дзяцінства. Выхаванне здаровага грамадзяніна і ў прамым, і ў пераносным сэнсе — задача няпростая, але педагогі нашага раёна з ёй выдатна спраўляюцца. Пацвярджэннем гэтага стала спартыўна-патрыятычная гульня «Зарнічка-2023», якую правялі на гарадскім стадыёне і ў СШ № 5.
Гульня праводзілася з мэтай грамадзянска-патрыятычнага выхавання і фізічнага развіцця малодшых членаў ГА «БРПА», вучняў 4-5 класаў. Заяўкі на ўдзел у спаборніцтвах падалі 13 каманд, у складзе кожнай — па 10 акцябрат-зарнічнікаў з устаноў адукацыі раёна.
Трэба адзначыць, што дзеці адказна паставіліся да спартыўна-патрыятычнай гульні. Усвядомілі, што, у першую чаргу, гэта спаборніцтвы. Акцябраты былі засяроджанымі і ўважлівымі, а яшчэ вельмі… прыгожымі! Справа ў тым, што кожны атрад прадстаўляў пэўны род войскаў, і адпаведна гэтаму дзеці прыдумалі свае эмблемы, падышоўшы да справы крэатыўна. Словам, адзін толькі знешні выгляд удзельнікаў конкурсу абяцаў нам шмат захапленняў і цікавых інтрыг.
Сапраўды так і было: на кожным этапе спаборніцтваў дзеці выкладваліся «на максімум», у поўнай ступені праяўлялі спрыт і хуткасць. А конкурсная праграма, дарэчы, была вельмі насычанай.
Спартыўна-патрыятычная гульня складалася з пяці тэматычных этапаў, якія ўключалі 10 конкурсаў. Старт гульні даў інтэлектуальны квіз «Маленькія грамадзяне вялікай краіны», працягнуўся конкурс аглядам пастраення акцябрацкіх войскаў «Будзь гатовы!», а далей, як кажуць, панеслася. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўхіляліся ад снайперскіх куль, перапраўляліся па купінах праз багну, абясшкоджвалі міны, знішчалі «агнявыя кропкі», узнімалі сцяг, знаходзілі сакрэтны пакет і расшыфроўвалі данясенне.
Праз усе выпрабаванні малыя абаронцы праходзілі смела, дружна і адказна. Але, вядома, былі каманды, якія справіліся з пастаўленымі задачамі лепш за астатніх. Па выніках усіх спаборніцтваў трэцяе месца адваявала каманда Кляпацкай СШ. На другой ступені п’едэстала размясціліся вучні СШ № 3 г. Пружаны. А пераможцамі спартыўна-патрыятычнай гульні «Зарнічка-2023» сталі акцябраты з СШ № 5 г. Пружаны.
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбом з «Зарнічкі» глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_292637817