Суббота, 8 февраля 2025

Наша краіна папоўнілася новымі грамадзянамі

443

У малой зале гарадскога Палаца культуры 7 снежня зноў гучалі словы прысягі на вернасць Рэспубліцы Беларусь.

Зачытвалі іх новыя грамадзяне нашай краіны, якім Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прысвоена грамадзянства. Але спачатку начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік прадставіў гасцей цырымоніі прыняцця прысягі. На ўрачыстае мерапрыемства прыбылі начальнік упраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС Брэсцкага аблвыканкама палкоўнік міліцыі Вячаслаў Клімчук, намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў Пружанскага райвыканкама — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Семаковіч, начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Пружанскага РАУС маёр міліцыі Вячаслаў Міхайлаў.

Вячаслаў Клімчук павіншаваў віноўнікаў урачыстасці — Алену Сакалоўскую і Івана Агафіна з новым для іх статусам — «грамадзянін Рэспублікі Беларусь». Вячаслаў Аляксеевіч зазначыў, што яны сваёй працай, жыццём заслужылі грамадзянства. Выказаў упэўненасць, што і надалей яны будуць прыносіць карысць нашай краіне.

Вячаслаў Міхайлаў запрасіў абодвух прыняць прысягу. З хваляваннем у голасе прамаўлялі тэкст людзі, якія раней былі грамадзянамі Украіны.

Новыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь прынялі віншаванні са значнай падзеяй у іх жыцці і падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Іван Агафін:

— Я прыехаў у Беларусь з Данецкай вобласці, якая некалі належала Украіне, у 2018 годзе. Паклікалі мяне сюды бацькі, якія перасяліліся ў Беларусь намнога раней. Тут пазнаёміўся з дзяўчынай, якая стала маёй жонкай. Зараз мы разам пражываем у Шанях. Я працую на малочнатаварным комплексе аператарам машыннага даення, жонка таксама побач працуе. Тут жа нарадзіліся нашы дзеткі, якія сталі беларусамі.

Алена Сакалоўская:

— Яшчэ да ўсіх падзей, у 2011 годзе, я пераехала ў Рэспубліку Беларусь з Валынскай вобласці. У мяне некалі брат праходзіў тэрміновую воінскую службу ў Бабруйску і застаўся тут жыць. Але мой выбар паў на Пружанскі раён, дзе жывуць мае знаёмыя і сябры. Разам са мной пераехалі сын і дачка. Зараз у мяне ўжо ёсць унукі. Я працую ў Ліноўскай школе тэхработнікам. Так усё тут падабаецца, такія тут добрыя людзі жывуць! І я вельмі шчаслівая, што стала не проста жыхаркай, але грамадзянкай Беларусі. Гэты дзень я сапраўды не забуду ніколі.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны МАСІК