Понедельник, 2 декабря 2024

Наша футбольная каманда згуляла ў гасцях з «Фарматам»

245

Адбыўся матч трэцяга тура чэмпіянату Брэсцкай вобласці па футболе паміж камандамі «Пружаны» і «Фармат». На гэты раз нашы футбалісты гулялі ў гасцях, на стадыёне ў аграгарадку Пагранічная.

З першых хвілін гульні пачалася ўпартая і няўступлівая барацьба, якая працягвалася да канца матча. Страсці былі абвостраныя да мяжы.

Галявыя моманты ўзнікалі як каля адных, так і каля другіх варот, але не ўсе яны заканчваліся голам. Напрыклад, цудоўны ўдар з далёкай дыстанцыі ад капітана нашай каманды Рамана Самасюка. З ім ледзь справіўся варатар гаспадароў, які перавёў мяч у стойку варот, пасля ўдару аб якую «круглы» здрадліва не захацеў ісці ў сетку. Былі і іншыя прыгожыя камбінацыі ў нашых хлопцаў, адна з якіх нарэшце скончылася голам. Усё пачалося з заробленага вуглавога, пасля навеса з якога на падборы першым апынуўся Максім Рубель. Ён і змог распячатаць вароты гаспадароў.

На жаль, у першым тайме вызначыўся не толькі футбаліст з Пружан, але і гулец каманды «Фармат». У выніку калектывы пайшлі на перапынак з лікам 1:1.

Гэты лік і якасць гульні давалі надзею, што нашы футбалісты змогуць у другі раз запар не сысці з поля без набраных ачкоў. Але другі тайм падарыў не той сцэнарый, які мы чакалі. Гаспадары поля ўсё ж змаглі пераламаць гульню і здабыць патрэбны для сябе вынік. Пяць забітых «Фарматам» галоў у другім тайме ўсталявалі канчатковы лік на табло — 6:1. Вялікая частка гульні была роўная, таму сказаць, што лік адпавядае якасці гульні, будзе несправядлівым у дачыненні да нашых спартсменаў, кожны з якіх у гэты дзень поўнасцю выклаўся на футбольным полі.

Такім чынам, пасля трэцяга тура каманда «Фармат» узначаліла турнірную табліцу, а футбольны калектыў з нашага горада размясціўся на чацвёртым месцы. Усяго ў групе з Пружанамі спаборнічаюць шэсць каманд.

Хоць трэці тур і не падарыў балельшчыкам нашага футбольнага клуба прыемнага выніку, але яшчэ раз паказаў, што каманда з Пружан можа даставіць праблемы кожнаму саперніку. Будзем спадзявацца, што ўсе нашы перамогі — толькі наперадзе.

Руслан Басак