Суббота, 26 апреля 2025

Наша апытанне: Закруткі на зіму — перажытак мінулага?

656

Раней у кожнай сям’і жанчыны займаліся нарыхтоўкамі на зіму. Уласнаручна закансерваваныя агуркі, памідоры, варэнне, кампоты былі неад’емным атрыбутам сямейных абедаў і вячэр. А што ўжо казаць пра святы! Цяпер у магазінах у любы сезон дастаткова разнастайнай садавіны і агародніны, свежай і кансерваванай. Але па-ранейшаму часам чуеш ад знаёмай: «Як стамілася! Паўночы агуркі закрывала»…

Мы выйшлі на вуліцы горада і даведаліся ў жыхароў, ці запасаюцца яны ўласнай прадукцыяй на зіму або ўсё ж аддаюць перавагу магазінным разнасолам.

Людміла:

— Я кожны сезон займаюся загатоўкамі. Сёлета, напрыклад, урадзіла вельмі шмат агуркоў, нават не ведаем, куды іх падзець. Вядома, кансервуем і агуркі, і памідоры, і перцы, бо купляць гатовае нявыгадна. Выкарыстоўваю сямейны рэцэпт ад маёй мамы: закрываю, як яна, памідоры. Іншы раз на працы рэцэпты падказваюць, у інтэрнэце знаходжу. Самыя цікавыя запісваю. Сучасная моладзь, вядома, не вельмі любіць займацца падобнай справай. Бывае, застаюцца слоікі з мінулага года. Але ж усё паступова з’ядаецца. Сваё заўсёды смачнейшае.

Вера:

— Мне падабаюцца ўсе загатоўкі, якія ёсць. Усё раблю: і памідоры кансервую, і агуркі, салаты закручваю, аджыку і кампоты, гатую варэнне. Кампотаў, праўда, зараз стала закрываць у слоікі менш: ягады і садавіну замарожваю і потым ужо з іх вару свежыя. Любімае варэнне — малінавае, таксама раблю ажынавае жэле, абрыкосавы джэм. Вельмі шмат замарожваю клубніц, ды і варэнне з іх цудоўнае атрымліваецца. Рэцэпты назапасіліся з часам, паступова падабрала самыя смачныя спалучэнні інгрэдыентаў.

Лідзія:

— У нашай сям’і любяць кансерваваць. Рэцэпты часам хто са знаёмых падкажа, некаторыя ў інтэрнэце знаходзім. Усе добрыя, правераныя і самыя смачныя запісваем. Адна з любімых загатовак у нас — марынаваныя агурочкі па-балгарску. Агуркі прамым пасолам таксама робім. Вось і сяброўка з Варонежа прывезла свой рэцэпт. Таксама спрабую па ім кансерваваць. Дзеці жывуць далёка, а калі прыязджаюць, заўсёды бяруць з сабой хатнія загатоўкі. Яны смачнейшыя за магазінныя.

Алена з сынам Ягорам:

— У нашай сям’і больш за ўсё любяць есці марынаваныя агуркі і піць кампоты, якія з задавальненнем сама кансервую. Варэннем звычайна займаецца свякроў. Яшчэ робім запраўкі для супоў: расольніку, баршчу. Потым вельмі зручна гатаваць абеды, ды і смачнейшыя супы атрымліваюцца. Рэцэпты ў асноўным мне падказваюць мама і свякроў. Часам у інтэрнэце знаходжу што-небудзь цікавае, сяброўкі нешта раяць.

Наталля:

— Люблю займацца хатняй гаспадаркай. Па шматлікіх «класічных» рэцэптах спрабавала кансерваваць, але рэдка атрымлівала ў выніку тыя смакавыя якасці, якія мне патрэбныя. А паколькі сама я повар, то і «хімічу» з інгрэдыентамі. Можна сказаць, што ў мяне цяпер свае фірменныя рэцэпты, якія выпрацаваліся з часам. Асабліва радуе, што загатоўкі па іх вельмі падабаюцца маім дзецям і ўнукам. Напрыклад, больш за трыццаць гадоў марыную агурочкі з лімоннай кіслатой замест воцату. Такія агуркі ніколі нам не надакучваюць.

Ганна:

— Сказаць па праўдзе, гаспадыня з мяне не вельмі. Я па прафесіі настаўніца, таму ўвесь свой час траціла на сваіх падапечных. Але ёсць у мяне асаблівы рэцэпт кансервавання перцаў, якім карыстаюся ўсё жыццё. Для такой загатоўкі я ў крамах ці на рынку шукаю маленькія чырвоныя або жоўтыя перчыкі. Яны павінны быць менавіта маленькімі і круглымі, як калабкі, каб усярэдзіне не было пустаты. «Перчыкі марынаваныя ад Ганначкі» атрымліваюцца вострымі і вельмі сакавітымі. А вось салаты ніколі не кансервую. Гатую варэнне з каліны, яно вельмі карыснае, хоць трошкі з гарчынкай. Парэчку, бывае, перакручваю з цукрам. Вось і ўсё.

Меркаваннямі цікавілася Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік