Понедельник, 2 декабря 2024

Наша апытанне з нагоды Тыдня бацькоўскай любові: Якімі бачаць дзеці сваіх бацькоў і чым любяць займацца разам з мамай і татам

588

З 14 па 21 кастрычніка ў нашай краіне праходзіць бацькоўскі тыдзень, у рамках якога мы вырашылі завітаць у СШ №3 і пацікавіцца ў вучняў пачатковых класаў пра іх бацькоў. Якімі бачаць дзеці сваіх татаў і мам? Чым яны любяць займацца? Якія падарункі з нагоды свята хацелі б атрымаць і пра што ўвогуле яны мараць? Усё — у шчырых, непасрэдных адказах саміх дзетак.

Надзя Кныш, 1 клас:

— Мая мама заўсёды прыгожа выглядае, таму што ходзіць у сукенках і туфлях. Тата моцны і смелы, ён нас ахоўвае. Усе кажуць, што я больш падобная на тату. Ведаю, што мама марыць пра кавамашыну, кухонны камбайн і блэндар. Яна ў нас добрая гаспадыня і вельмі смачна гатуе, а я больш за ўсё люблю яе гарохавую кашу.

Ягор Ліцкевіч, 1 клас:

— Мой тата любіць рамантаваць машыны, размаўляць са мной, адпачываць на канапе. Я баюся козыту, а ён пра гэта ведае і штораз не ўпускае моманту мяне «памучыць». Мама вельмі любіць прыбірацца дома, яна прыбірае амаль кожны дзень. Хаця, магчыма, гэта ўжо проста прывычка. Я думаю, тата марыць пра спецыяльнага робата, які будзе яго карміць, а мама — пра робат-пыласос.

Яраслаў Карунас, 4 клас:

— Я разумею, што для кожнага чалавека яго маці будзе самай прыгожай, але тым не менш лічу, што мая — самая лепшая на свеце. Тата — працавіты, ён працуе, нават калі яму штосьці баліць. Проста ён стараецца зарабіць грошы і хутчэй выплаціць крэдыт. Мне здаецца, што мая мама любіць цукеркі больш за мяне, для яе гэта, напэўна, самы лепшы падарунак, а яшчэ сокавыціскалка і фандзюшніца. Я ўвогуле часта дапамагаю маме на кухні, а вось тата, калі патрэбна яго дапамога, робіць выгляд, што яму кепска і не працуе. Мама пра гэта ведае, але не крыўдзіцца. Іншы раз мне ўдаецца раззлаваць маму з татам, і тады яны становяцца даволі страшныя, але для гэтага мне трэба добра пастарацца.

Бажэна Крац, 4 клас:

— У нас добрая і вялікая сям’я. Мая мама вельмі моцная: яна нарадзіла трох дзяцей. Я ўпэўнена, што яна заслугоўвае ўсяго сама лепшага. Калі я стану дарослай, буду часта радаваць мамачку кветкамі. Напэўна, у гэтым годзе мы падорым ёй на свята празрысты чайнік. Я вельмі рада, што ў нас з’явілася і свята татаў, цяпер яны будуць менш сумаваць. Я хачу, каб мой татачка заўсёды ўсміхаўся. Думаю, што ён марыць пра павышэнне зарплаты.

Кірыл Дубовік, 4 клас:

— Мама вельмі клапоціцца пра мяне: гатуе сняданкі (люблю амлет і какаву з печывам), купляе розную смакату, расказвае цікавыя гісторыі. У мяне добры і вясёлы тата. На жаль, з-за яго працы мы рэдка бачымся. Мая мама марыць, каб са мной усё было добра. Я стараюся не расчароўваць яе, сачу за паводзінамі, каб яна не расстройвалася. Па выхадных мы любім разам глядзець шоу «Аватар».

Арцемій Селівонец, 4 клас:

— Я падобны на тату, ён у мяне высокі і моцны. Мама раней займалася атлетыкай, я таксама люблю спорт. Мая мама і зараз прытрымліваецца здаровага ладу жыцця, а таму вельмі молада і прыгожа выглядае. У маіх бацькоў агульная мара — падарожжы. Мы ўжо былі ў Турцыі і Егіпце. Мне спадабалася, таму што там горача і атэлі прыгожыя.

З дзеткамі гутарыла Юлія Янушка. Фота аўтара