Среда, 15 января 2025

Наша апытанне з нагоды Дня аховы дзяцей: Пра што мараць маленькія чытачы «Газеткі-дзеткі»?

498

Сёння ў многіх краінах свету адзначаецца Дзень аховы дзяцей. Гэты дзень нават мае свой сцяг. На зялёным фоне намалявана наша планета, а вакол яе — чалавечкі розных колераў. Яны сімвалізуюць разнастайнасць людзей, якія жывуць у адным доме пад назвай Зямля, і іх розныя праблемы. Так, напрыклад, у Еўропе і Амерыцы вялікай праблемай лічыцца негатыўнае ўздзеянне тэлебачання і інтэрнэту. А вось у краінах Афрыкі і Азіі многім дзецям пагражаюць голад, недахоп урачоў і медыкаментаў, ваенныя канфлікты і непісьменнасць.

А якія праблемы ёсць у нашых дзяцей і пра што яны мараць? Пра гэта мы спыталі ў вучняў пачатковых класаў СШ №4. 

Віка, 1 клас:

— У мяне няма ніякіх праблем, таму што, як толькі яны ўзнікаюць, побач адразу з’яўляюцца мама і тата – і ад праблем не застаецца нават і следу. А вось мары ёсць! І іх шмат. Галоўная на сёння – каб мой старэйшы брацік, ён сёлета выпускнік, здаў экзамены і паступіў у інстытут. А ў будучым мару пабываць на моры.

Алёша, 1 клас:

— Мая праблема – алергія. Як толькі ў маі пачынаюць квітнець дрэўцы і кветкі, пачынаю чыхаць і кашляць, і голас сіпне. Таму і цукеркі не ўсе мне можна есці. А салодкага ж хочацца! А мару… з’ездзіць на Чорнае мора, каб паглядзець на вялікія караблі.

Саша, 4 клас:

— Праблемы, вядома, ёсць, але, лічу, што яны невялікія. Бывае, у школе задаюць шмат хатняга задання. Сядзіш над урокамі, хвалюешся, што не паспееш. Бывае, што захварэеш – і зноў хвалюешся, што тэму прапусціш. Таму мару, каб ніхто не хварэў і ўсе вучыліся на «выдатна».

Маша, 1 клас:

— Я мару, па-першае, каб хлопчыкі не крыўдзілі, каб усе былі здаровы і не хварэлі кавідам, які прынёс шмат праблем. Па-другое, мару добра вучыцца, каб быць разумнай, хутка чытаць, каб прачытаць усе кнігі ў бібліятэцы, рашаць усе задачкі. І яшчэ… хочацца ў Турцыю.

Даша, 1 клас:

— Мне здаецца, што шмат праблем у нашым жыцці ўзнікае ад уласнага настрою. Як толькі пачынаеш сумаваць ці крыўдзіцца на кагосьці, так праблемы тут як тут. Трэба заўсёды ўсміхацца, сябраваць з усімі – і ўсё будзе добра. Мару, каб не было вайны і каб ва ўсіх дзяцей на свеце мары збываліся.

Думкамі цікавілася Алена Зялевіч. Фота аўтара