Існуюць фільмы, якія глядзелі, мусіць, усе, ды не па адным разе. Менавіта такім з’яўляецца «Джэнтльмены ўдачы». Кінастужцы сёння, 13 снежня, спаўняецца ажно 50 гадоў. Пра ўражанні наконт юбілею фільма мы і спыталі сустрэчных пружанцаў, а таксама — хутка ж Дзень беларускага кіно — пацікавіліся, ці часта яны глядзяць фільмы ў кінатэатры.
Сяргей:
— Вядома ж, я глядзеў «Джэнтльмены ўдачы», гэта вельмі цікавы фільм. Наогул я люблю савецкае кіно. Адзін з любімых фільмаў — гэта «Іронія лёсу, або З лёгкай парай». Але ўсе фільмы гляджу дома, у кінатэатр хадзіў, калі быў малады. Цяпер часу зусім няма. Праца, праца.
Васіль Фёдаравіч:
— Першы раз паглядзеў гэты фільм паўстагоддзя таму, якраз тады, калі ён з’явіўся на экранах. І зараз, калі натыкнуся ў тэлевізары на «Джэнтльменаў удачы», то не пераключаю на іншы канал, гляджу да канца. У кінатэатр я не хаджу, бо ўвесь час чымсьці заняты. Ну, а калі юбілей у гэтага фільма, то значыць, ёсць нагода зноў перагледзець яго.
Людміла:
— Фільм гэты, вядома, я бачыла, але асабліва не памятаю. Мне больш падабаюцца іншыя стужкі, напрыклад, «Масква слязам не верыць», «Зімняя вішня». Гэта фільмы пра жыццё, пра каханне. Сучасныя фільмы не гляджу, мне яны не цікавыя. У кінатэатры даўно не была, а вось у маладосці любіла хадзіць і ў кіно, і ў тэатры, і ў музеі. Цяпер неяк больш дома…
Аляксандр:
— «Джэнтльменаў удачы» я глядзеў калісьці, але аддаю перавагу сучаснаму кіно. Люблю трылеры, фантастыку, хорар. А ў кінатэатры гляджу толькі мультфільмы з дзіцем.
Таццяна:
— Вядома, «Джэнтльменаў удачы» я глядзела. Але любімыя фільмы ў мяне іншыя: «Іронія лёсу, або З лёгкай парай» і «Белыя росы». Гэта фільмы жыццёвыя. А ў кінатэатры я хаджу, вельмі падабаецца. Нядаўна была ў брэсцкім. Мне здаецца, што цікавей глядзець фільм на вялікім экране, з сучаснай акустыкай, а яшчэ разам з дружнай кампаніяй і ў добрым настроі.
Кацярына:
— Фільм «Джэнтльмены ўдачы» глядзела, але адзін толькі раз. Увогуле мала атрымліваецца глядзець фільмаў, хіба толькі мульцікі з дзіцем. І ў кінатэатры была даўно, цяпер на гэта абсалютна няма часу.
Вось сапраўды, у тых, хто не глядзеў фільм, сёлета ёсць юбілейная нагода паглядзець яго, а ў тых, хто бачыў, — перагледзець. Добрае кіно, як і добрае віно, толькі лепей з гадамі.
Думкамі цікавілася Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік